27 лістапада дэлегацыя Екабпілскага самакіравання з Латвіі наведала школы Шаркаўшчынскага раёна

Актуальное Молодежь Общество

IMG_0544 (Копировать)

27 лістапада дэлегацыя Екабпілскага самакіравання Латвійскай Рэспублікі і кіраўнікі навучальных устаноў Екабпілса з афіцыйным візітам наведалі наш Шаркаўшчынскі раён. Замежныя госці пабывалі ў чатырох навучальных установах раёна з мэтай абмену вопытам і наладжвання дзелавых кантактаў: на прыкладзе ажыццяўлення навучальнага і выхаваўчага працэсаў у сярэдняй школе № 1 г. п. Шаркаўшчына, Велікасельскай ДС-СШ, Германавіцкай і Лужкаўскай сярэдніх школах  звярнулі ўвагу на асаблівасці развіцця сістэмы адукацыі, а таксама азнаёміліся з жыццём, гісторыяй і культурай жыхароў Шаркаўшчынскага краю.

З дэлегацыяй гасцей з Латвіі ў навучальных установах нашага раёна сустрэліся старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, яго намеснік Юрый Анатольевіч Васілеўскі, галоўны спецыяліст райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава, прадстаўнікі аддзела па адукацыі, кіраўнікі школ і школьныя калектывы.

Праграма мерапрыемстваў была разлічана такім чынам, каб максімальна ахапіць усе бакі жыцця нашага рэгіёну, пазнаёміць гасцей з яго культурнай, адукацыйнай, экалагічнай і гістарычнай складаемымі. Гасцінна сустрэла дэлегацыю з Латвіі сярэдняя школа № 1 г п Шаркаўшчына, дзе пабывала і карэспандэнт раённай газеты. Адкрыла сустрэчу эфектнае выступленне дзяцей у беларускіх нацыянальных касцюмах. Вучні пазнаёмілі прысутных з культурай нашай краіны і расказалі цікавую легенду пра Шарачка і ўзнікненне Шаркаўшчыны, якая ў гэтым годзе ўрачыста адзначыла свой 515-гадовы юбілей. Дырэктар навучальнай установы Сяргей Рафаілавіч Ганебны расказаў пра школу і яе апошнія дасягненні, абраныя адукацыйныя прыярытэты. Падчас экскурсіі па школе наведалі госці і адно з самых прыгожых месцаў — тэатральную гасцінную, створаную ў школе ў 2002 годзе. На яе тэрыторыі вучні і настаўнікі праводзяць паэтычныя вечары, конкурсы акцёрскага мастэрства, вечары рамансаў, традыцыйныя Пушкінскія дні памяці. Юныя музыканты і кіраўнік тэатральнай гасціннай Марына Станіславаўна Хахолка акунулі прысутных у атмасферу 18 стагоддзя, старажытнага Несвіжа, пазнаёмілі з асобай Уршулі Радзівіл – заснавальніцы першага на тэрыторыі Беларусі тэатра. У тэатральнай гасціннай дзеці знаёмяцца з мастацтвам, а сама гэта гасцінная – пацверджаны часам паспяховы праект. Яе з’яўленне ў школе садзейнічае больш глыбокаму правядзенню ўрокаў гуманітарнага цыкла.

Ведаюць дзеці ў Шаркаўшчыне і гісторыю свайго роднага краю — гэтапрадэманстравалі гасцям вучні 8 “А” класа і іх настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская. Спачатку дэлегацыя з Латвіі пазнаёмілася з выставай “Гісторыя Шаркаўшчыны ў старых фотаздымках ад пачатку 20-х да 80-х гадоў мінулага стагоддзя”. Надзвычай захапляльна ў тэатралізаваных сцэнках дзеці прадэманстравалі і даваеннае жыццё шаркаўчан, у тым ліку турботы і асаблівасці ладу жыцця мясцовага яўрэйскага насельніцтва, якога ў даваеннай Шаркаўшчыне было шмат.

У Германавіцкай сярэдняй школе пасля агляднай экскурсіі госці пазнаёміліся з новым сучасным экалагічным класам і ўнікальным музеем Вялікай Айчыннай вайны, створаным у гэтай навучальнай установе. У Велікасельскай ДС-СШ, адметнай сваімі цікавымі выставачнымі праектамі, вучні школы адкрылі гасцям выставу “Свет ікон” Ядзвігі Сенько – мастачкі з Маладзечна.

Апошняй навучальнай установай, якую наведалі госці з Прыбалтыкі, стала Лужкаўская сярэдняя школа, дзе таксама гасцей чакала цікавая экскурсія. Сімвалічным момантам сустрэчы стала пасадка ў “зімовым садзе” школы “Дрэва сяброўства”.Вучні і настаўнікі з Лужкоў расказалі пра свой паспяховы вопыт удзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Прышкольны участак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій”.Пры падвядзенні яго вынікаў Лужкаўская сярэдняя школа заваявала дыплом 2 ступені,была ўзнагароджана памятнымі падарункамі і саджанцам для прышкольнага ўчастка, атаксама атрымала грашовае ўзнагароджванне для далейшага развіцця гэтага праекта,які будзе пасяхова рэалізоўвацца ў школе як мінімум яшчэ на працягу 4 гадоў

На тэрыторыі Лужкаўскай сярэдняй школы міжрэгіянальная сустрэча прадстаўнікоў дзвюх краін была завершана.Для ўсіх прысутных быў арганізаваны “круглы стол”.Падчас яго правядзення быў абмеркаваны шэраг важных пытанняў: параўнаны формы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці,абмеркаваны актуальныя праблемы, якімі сутыкаюцца ў наш час настаўнікі і вучні дзвюх краін у працэсе вывучэння прадметаў. Былі разгледжаны і патрабаванні, што прад’яўляюцца настаўнікам для паспяховай рэалізацыі школьных праграм.

Як было адзначана падчас сустрэчы, госці атрымалі вялікае задавальненне ад убачанага. Яны адзначылі высокі ўзровень арганізацыі адукацыйнага працэса ў школах нашага рэгіёну і выказалі  надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў у будучым.

 

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
IMG_0481 (Копировать) IMG_0487 (Копировать) IMG_0489 (Копировать) IMG_0491 (Копировать) IMG_0497 (Копировать) IMG_0500 (Копировать) IMG_0513 (Копировать) IMG_0514 (Копировать) IMG_0517 (Копировать) IMG_0520 (Копировать) IMG_0531 (Копировать) IMG_0534 (Копировать) IMG_0538 (Копировать)IMG_0551 (Копировать) IMG_0554 (Копировать) IMG_0566 (Копировать) IMG_0571 (Копировать) IMG_0577 (Копировать) IMG_0591 (Копировать) IMG_0606 (Копировать) IMG_0620 (Копировать) IMG_0631 (Копировать) IMG_0644 (Копировать)