Мікалай Марозаў — лаўрэат рэспубліканскага фестываля “Не старэюць душой ветэраны”

Актуальное

Мікалай Марозаў прымае віншаванні ад дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Жанны Русак і дырэктара РДК Галіны Русачонак

7—8 мая ў Мінску праходзіў 11-ты рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. Удзел у ім прыняў і саліст хора ветэранаў “Надзея” Мікалай Марозаў, якога шаркаўчане добра ведаюць як таленавітага выканаўцу песень са свайго багатага рэпертуару.
А пачалося ўсё з занальнага конкурсу, які праходзіў у Паставах. Выступіў там паспяхова, стаў лаўрэатам 1-й прэміі. Праз некаторы час з Мінска было даслана запрашэнне на ўдзел у рэспубліканскім форуме. Безумоўна, Мікалай Марозаў рыхтаваўся і быў гатовы выканаць адну з пяці тэматычных песнь. Аднак выбар спыніў на “Песня о солдате”. І 7—8 мая ў складзе трох калектываў ад Віцебскай вобласці прыехаў у Мінск у якасці саліста. Журы дастойна ацаніла талент шаркаўчаніна і прысвоіла званне лаўрэата фестывалю “Не старэюць душой ветэраны” з уручэннем адпаведнага пасведчання.
На ўрачыстым мітынгу ў Шаркаўшчыне, прысвечаным Дню Перамогі, Мікалай Марозаў зноў на імправізаванай сцэне. Яго выступленне перад ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і ўсімі прысутнымі было цёпла сустрэта, а ўзнагарода — апладысменты за таленавіта выкананы нумар мастацкай самадзейнасці.
—    Я задаволены сваім выступленнем на рэспубліканскім фестывалі, — расказаў нашаму карэспандэнту Мікалай Марозаў. — Адстаяў гонар не толькі Шаркаўшчынскага раёна, але і вобласці. Шчыра дзякуй усім, хто дапамагаў мне ісці па няпростай дарозе да звання лаўрэата. Так што не старэюць душой ветэраны…
Поспехаў табе і надалей, Мікалай Марозаў. Упэўнены, што званне лаўрэата, якое атрымаў 8 мая 2012 года, не будзе апошнім у творчым жыцці.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *