Галоўным у працы лічыць добрасумленнасць лічыць Яўгеній Фёдаравіч Лысёнак

Актуальное

632Шаркаўчанін Яўгеній Фёдаравіч Лысёнак знаёмы многім жыхарам гарадскога пасёлка і раёна. На працягу многіх год ён з’яўляўся начальнікам шаркаўшчынскага філіяла аўтатранспартнага прадпрыемства № 16 г. Глыбокае, а затым узначаліў дадзеную арганізацыю. Пра сябе і сваю работу ў мінулым Яўгеній Фёдаравіч расаказаў нам падчас чарговай сустрэчы ў раённым савеце ветэранаў.

— Нарадзіўся я ў гарадскім пасёлку, — кажа наш суразмоўца. — У бацькоў нас было трое: брат Алег, я і прыёмны сын Уладзімір. Родных бацькоў Валодзі немцы забілі ў вайну, таму мае тата і мама гадавалі гэтага хлопчыка.

Пасля заканчэння школы некаторы час я выкладаў фізічную культуру ў Германавіцкай СШ. Падчас тэрміновай службы, якую праходзіў у палку сувязі горада Гродна, стаў кандыдатам у члены КПСС. Калі дэмабілізаваўся з войска, мне прапанавалі працу ў Шаркаўшчынскім раённым камітэце КПБ на пасадзе інструктара арганізацыйнага аддзела. На працягу двух год мне пашанцавала працаваць разам з першым сакратаром райкама КПБ Анатоліем Георгіевічам Шманцарам і другім сакратаром Іванам Сцяпанавічам Зайцавым. Назаўсёды запомніў іх як дасведчаных, дысцыплінаваных і адказных работнікаў. Кожны з іх прывучаў нас, маладых спецыялістаў, да парадку, заўсёды дасягаць пастаўленых мэт і вырашаць задачы. Менавіта праца ў райкаме КПБ пасадзейнічала мне ў далейшай рабоце. Працаваць некаторы час давялося ў Шаркаўшчынскім вучэбна-вытворчым камбінаце. У 1986 годзе я ўзначаліў Шаркаўшчынскі філіял аўтатранспартнага прадпрыемства № 16 г. Глыбокае. Штат працуючых у той час складаў 108 чалавек. Штодзённа ў гарадскія, прыгарадныя і міжгароднія рэйсы накіроўваліся звыш дваццаці аўтобусаў. Пасажырапаток быў настолькі вялікі, што па выхадных днях дадаткова выдзялялася некалькі адзінак аўтобусаў для дастаўкі студэнтаў у Полацк, Віцебск і іншыя гарады. Да таго ж яшчэ філіял займаўся грузаперавозкамі. Бартавыя аўтамабілі і самазвалы заўсёды былі запатрабаваныя ў прадпрыемстваў гарадскога пасёлка, у калгасаў і саўгасаў раёна. Для працуючых філіяла нават пабудавалі 18-кватэрны жылы дом у мікрараёне меліяратараў.

З 1997 і да 2015 года я займаў пасаду начальніка АТП № 16 у Глыбокім. Штат падначаленых работнікаў быў досыць вялікі, агульны аўтапарк пасажырскіх аўтобусаў Шаркаўшчыны і Глыбокага налічваў звыш шасцідзесяці адзінак. Многа было і іншай тэхнікі, у прыватнасці, грузавых аўтамабіляў. Адказнасць і сумленныя адносіны да спраў большасці работнікаў нашага прадпрыемства вылучалі АТП № 16 сярод іншых аналагічных арганізацый вобласці і рэспублікі як адзін з лепшых. І гэта не дзіўна, бо галоўным у сваёй рабоце мы заўсёды лічылі бездакорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, адказныя адносіны кожнага, накіраваныя на дасягненне станоўчага выніку ў працы.

Сяргей РАЙЧОНАК.