Тэмай сустрэчы сталі “Асаблівасці мясцовай гаворкі”. У любой мове, у тым ліку і ў беларускай, ёсць шмат слоў, запазычаных з іншых моў. Пранікненне адной мовы ў другую называецца інтэрферэнцыяй. Існуе таксама тэрмін пад назвай “білінгвізм”, які азначае папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ж ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моваў, тады прынята гаварыць пра шматмоўе або полілінгвізм. Усё гэта яскрава назіраецца ў маўленні беларусаў. Вядома, што людзям, якія пражываюць на Палессі, іншы раз цяжка зразумець гаворку беларусаў Віцебшчыны. Гэта і не дзіўна, бо для кожнай мясцовасці характэрны свой дыялект — мясцовая гаворка. Такую інфармацыю прысутнай аўдыторыі агучыў краязнавец, кіраўнік курсаў “Мова нанова” ў Шаркаўшчыне Ігар Дземідовіч.
Госцем заняткаў у той дзень стаў жыхар вёскі Жукоўшчына, збіральнік фальклору, аматар краязнаўства Іосіф Квач. Ён і правёў цікавую і змястоўную гульню-гутарку з удзельнікамі курсаў. Іосіф Леанідавіч вельмі цікавіцца гісторыяй малой радзімы, а гэта вёска Квачы Глыбоцкага раёна, дзе ён нарадзіўся і жыў да сямнаццаці год. Неабыякава ён ставіцца і да шаркаўшчынскай мясцовасці, бо тут ён жыве і працуе з канца 1980-х гадоў.
Сярод шматлікіх жыццёвых інтарэсаў, заняткаў і хобі Іосіф Квач апошнім часам захапіўся пошукам і запісам слоў-дыялектаў, характэрных для Глыбоччыны і заходняй часткі Шаркаўшчынскага раёна. Яго зборнік налічвае звыш трохсот слоў, якія ў паўсядзённым жыцці ўжываюць нашы землякі. Прысутным Іосіф называў тое або іншае дыялектнае слова, а яны павінны былі даць тлумачэнне, што менавіта яно азначае.
Дарэчы, прадстаўнікі маладога пакалення, якія прысутнічалі ў зале, ні ў чым не саступалі старэйшым у веданні мясцовых слоў. Тым не менш, розныя меркаванні выказвалі наконт значэння слова “асвер”. А гэта, як вядома, частка калодзежа, якую яшчэ называюць журавель. У мінулыя часы, калі ў сялянскіх сем’ях жылі бедна, а маленькім дзецям хацелася смачна паесці. Тады бацькі ім казалі: “Ешце тое, што маем, дзе ж вам знайсці мігдалаў”. А мігдаламі называлі салодкія прысмакі. Да іх жа адносяцца і “какоркі” — самаробнае сухаватае пячэнне. У дбайнага гаспадара, які трымае каня, заўсёды ў спраўным стане знаходзяцца і атоскі, і загваздкі, і шворан трывалы ў панарадзе. Сінонімам слова “панарад” з’яўляецца — “калёсы”, конская павозка. А загваздкі, атоскі і шворан — тэхнічныя яе складальнікі, без якіх панарад не паедзе.
— А ці ведаеце вы, хто такія “замашанцы”? — спытаў у гутарцы Іосіф.
Аказваецца, што з даўніх часоў так звалі жыхароў вёсак, якія знаходзіліся на поўнач праз балотныя масівы ад Жданоў, Зямцоў, Жукоўшчыны. Тыя ж, у сваю чаргу, называлі сваіх суседзяў “полаўцамі” па назве вёскі Полава Пастаўскага раёна.
Яшчэ шмат цікавай і карыснай інфармацыі даведаліся ўдзельнікі курсаў, ад Іосіфа Квача. Дарэчы, самым кемлівым удзельнікам гульні-віктарыны стала Таццяна Фёдарава. Жанчына дала найбольш правільных адказаў на пытанні. У якасці прыза Таццяна атрымала ад Іосіфа аўтарскую кнігу пра яго малую радзіму пад назвай “Квачы — Квачамі”.
— Наперадзе нас чакаюць новыя сустрэчы з цікавымі людзьмі ў межах курсаў “Мова нанова”, — сказаў напрыканцы заняткаў Ігар Дзмідовіч. А яшчэ ён працытаваў выраз вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. “Быць Беларусам — гэта значыць свайго ні гуку не забыць, усё чужое перайначыць, каб Беларусі вечнай быць!”.
Сяргей РАЙЧОНАК.





