5 студзеня сацыяльнай службе нашай краіны спаўняецца 100 год. Гісторыя яе пачыналася з выплаты грашовай дапамогі дзяржавай грамадзянам у выпадку бедства, беспрацоўя і страты працаздольнасці. У 1921 годзе з’явіўся першы закон аб сацыяльным страхаванні, а ў 1928 годзе пенсіі пачалі выплочваць у залежнасці ад памеру заробку. Паступова прыярытэтам стала ахова дзяцінства і мацярынства, а ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на тэрыторыіі БССР працавалі 40 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў.
З аднаўленнем Шаркаўшчынскага раёна ў 1966 годзе ў верасні гэтага ж года ўтварыўся і раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння. Пасаду загадчыка аддзела займаў у той час Сямён Піліпавіч Свірко. Ён жа набраў адпаведны штат супрацоўнікаў. З самага пачатку стварэння аддзела і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала тут Ардынская (у дзявоцтве Шчарбакова) Галіна Іванаўна. Сваімі ўспамінамі жанчына падзялілася з намі.
— Калі аднавіў сваю дзейнасць раён, а было гэта 1 жніўня 1966 года, улады рэспублікі і вобласці прыслалі сюды партыйных кіраўнікоў, а першым сакратаром райкама КПБ быў прызначаны Анатолій Георгіевіч Шманцар, — кажа Галіна Іванаўна. — Прызначаліся начальнікамі арганізацый, устаноў партыйныя работнікі. З утварэннем райаддзела сацыяльнага забеспячэння, які ўзначаліў Сямён Піліпавіч Свірко, пачалася яго камплектацыя штатнымі супрацоўнікамі. У сваёй большасці мы не мелі спецыяльнай адукацыі, некаторыя з нас на працу ў аддзел прыйшлі пасля заканчэння сярэдняй школы і праходжання спецыяльных курсаў. Я і сёння памятаю сваіх калег, разам з якімі пачынала працаваць. Гэта старшы бухгалтар Міраслава Вячаславаўна Бондар, старшы інспектар Павел Аляксеевіч Салаўёў, інспектары Лявонцій Васільевіч Рымдзёнак і Леангіна Пятроўна Гервятовіч, бухгалтары-кантралёры Клеапатра Віктараўна Кудрашова, Алена Арсеньеўна Буйка. Я таксама займала пасаду бухгалтара-кантралёра.
Наш аддзел размяшчаўся першапачаткова ў невялікім драўляным доме па вуліцы Савецкай, дзе цяпер знаходзяцца будынкі камбіната бытавога абслугоўвання. Асноўнай функцыяй бухгалтараў-кантралёраў з’яўляўся кантроль за выплатай пенсій, якую выплочвалі грамадзянам праз паштовыя аддзяленні раёна. Мы ж па адпаведных рэестрах па прозвішчах звяралі спіскі пенсіянераў з іх асабістымі рахункамі. Усю работу выконвалі выключна ўручную. Працавалі, каб здаць своечасова справаздачы, і пасля работы, і ў выхадныя дні. Тады, у канцы 1960-х—пачатку 1970-х гадоў, пенсіянераў было больш сямі тысяч чалавек. Удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны — амаль 400 чалавек. Да таго ж было многа сем’яў, члены якіх загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, шматдзетных сем’яў і адзінокіх маці. Для ўсіх дадзеных катэгорый насельніцтва раёна спецыялісты афармлялі пенсіі, ажыццяўлялі кантроль за іх выплатай. У той час мужчыны выходзілі на заслужаны адпачынак у 65 год, а жанчыны ў 60. І толькі з 1 студзеня 1968 года тэрмін выхаду на пенсію і для мужчын, і для жанчын быў скарочаны на пяць год.
У 1974 годзе мяне прызначылі інспектарам аддзела. На гэтай пасадзе я займалася зборам дакументаў грамадзянам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, назначала памер пенсіі. Тады яны падраздзяляліся на некалькі відаў: дзяржаўныя, калгасныя, пенсіі па інваліднасці, па страце карміцеля і іншыя. Аб’ёмы работ былі заўсёды вялікія, але я ніколі не пашкадавала аб выбранай прафесіі. З вялікай удзячнасцю цяпер успамінаю былых загадчыкаў аддзела Сямёна Піліпавіча Свірко, Уладзіміра Аляксандравіча Гапеева, Уладзіміра Канстанцінавіча Труса, Валянціну Пятроўну Гарэлаву, Зою Сяргееўну Верушэўскую. Не забываюць і мяне былыя калегі. Мы часта сустракаемся, у размовах успамінаем былыя часы, калі разам працавалі на карысць раёна і яго грамадзян.
Сяргей РАЙЧОНАК.