127 год таму, 9 снежня 1891 года, нарадзіўся вялікі беларускі паэт, перакладчык, публіцыст Максім Багданавіч. Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры. І менавіта Максіму Багдановічу, аднаму з самых вядомых беларускіх аўтараў свае творы прысвяцілі нашы шаркаўшчынскія паэты — удзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Прэзентацыя зборніка іх вершаў “Не злічыць у сэрцы светлых дум”, прысвечаных жыццю і творчасці М. Багдановіча, прайшла нядаўна ў Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэцы.
Акрамя вершаў “світанкаўцаў” у гэту кнігу ўвайшлі творы глыбоцкіх аўтараў, а таксама паэтаў з Полацка – удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Надзвінне”. Наша зямлячка, Людміла Ардынская звярнулася да аўтараў з прапановай надрукаваць зборнік вершаў, прысвечаны творчасці вядомага беларускага паэта.
Сама ж прэзентацыя кнігі “Не злічыць у сэрцы светлых дум” ўрачыста прайшла ў Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэцы. Цікавае мерапрыемства, падчас якога удзельнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” сустрэліся з моладдзю, арганізавала і правяла бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Казіцкая. У межах творчай сустрэчы аўтары разам з вядучай чыталі свае вершы, разважалі пра творчасць Максіма Багдановіча, яго кароткае і такое няпростае жыццё, бязмежны талент. На мерапрыемстве прысутнічала шмат творчых людзей, якія з задавальненнем сустрэліся з моладдзю ў бібліятэцы. Гэта Людміла Ардынская, Міледзій Кукуць, Віктар Лагун, Ігар Дземідовіч, Уладзімір Мілянцей, Надзея Паляк і кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак Ала Міхайлава. З прэзентацыяй чарговага зборніка шаркаўшчынскіх паэтаў шчыра павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. Падчас свайго выступлення яна адзначыла, што далёка не кожны творчы калектыў стаў такім вядомым, як літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак” і падзякавала аўтарам за іх творчасць. А надзвычай цікавы сцэнарый, падрыхтаваны супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі, садзейнічаў таму, што творчасць Максіма Багдановіча зацікавіла і падлеткаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. На памяць пра сустрэчу ад Людмілы Казіцкай юнакі і дзяўчаты атрымалі памятныя паштоўкі пра творчасць вядомага беларускага паэта.



