21 снежня спаўняецца 20 год Шаркаўшчынскаму раённаму архіву

Актуальное

IMG_1996 Сёння ў гэтай дзяржаўнай установе 16214 спраў на захоўванні, за бягучы год работнікамі архіва апрацавана каля 150 запытаў ад грамадзян і арганізацый. Гэта значыць, што ў 2018 годзе каля 150 жыхароў нашага раёна з дапамогай работнікаў архіва змаглі пацвердзіць свой стаж і памер заработнай платы. А гэта значны ўклад у сацыяльную стабільнасць рэгіёну.

Незаўважная на першы погляд работа архівіста на самай справе падобная на работу гісторыка.

— Архівіст павінен разумець падзеі, якія адбываліся ва ўсіх сферах, ведаць заканадаўства, каб правільна адказваць на запытанні. А работа з людзьмі — самая складаная. Бо часта менавіта архівісты вызначаюць этапы чалавечага лёсу. Гэта работа хоць і з дакументамі, але не проста папяровая, а часам і лёсавызначальная, — упэўнена дырэктар дзяржаўнай установы “Шаркаўшчынскі раённы архіў” Таццяна Уладзіміраўна Танканог. Названую арганізацыю жанчына ўзначальвае трэці год. Разам з ёй у раённым архіве на працягу вось ужо 19 гадоў вядучым архівістам працуе Валянціна Пятроўна Гайдзель.

У Шаркаўшчынскім архіве сабраны дакументы з 1945 года. Сёння і арганізацыі, і самі жыхары раёна перад выхадам на заслужаны адпачынак па інфармацыю звяртаюцца менавіта ў архіў. А яшчэ два дзясяткі гадоў таму ўсе неабходныя дакументы захоўваліся ці ў арганізацыях раёна, ці ў Глыбоцкім архіве. Са з’яўленнем архіва ў нашым гарадскім пасёлку работа стала значна больш сістэматызаванай. А работнікі архіва не толькі даюць своечасовыя адказы на запыты насельніцтва, але і працуюць у цеснай узаемасувязі з арганізацыямі раёна: прадастаўляюць ім інфармацыю аб тым, як правільна афармляць, захоўваць і перадаваць у архіў кадравую дакументацыю і дакументы па асабовым складзе.

З першых дзён свайго ўтварэння Шаркаўшчынскі раённы архіў размясціўся па адрасе: вул. Чырванадворская, д. 76, у адной з былых адміністрацыйных пабудоў ПМК-68. У 2009 годзе у будынку архіва праведзены капітальны рамонт, дакументы захоўваюцца ў адпаведнасці з усімі неаходнымі нормамі.

— З 20 гадовым юбілеем Шаркаўшчынскага раённага архіва хачу павіншаваць самых заслужаных работнікаў нашай дзяржаўнай установы, — паведаміла яе дырэктар Таццяна Уладзіміраўна Танканог. — У першую чаргу, былога кіраўніка раённага архіва Надзею Фёдараўну Кукліну. На працягу 14 гадоў гэта жанчына  ўзначальвала архіўную службу раёна, стаяла ля вытокаў яе ўтварэння і асабіста шмат зрабіла для таго, каб Шаркаўшчынскі раённы архіў паспяхова працаваў на карысць жыхароў нашага раёна. Шчырых слоў удзячнасці за сваю шматгадовую добрасумленную працу заслугоўвае і вядучы архівіст установы, спецыяліст з 19-гадовым стажам работы Валянціна Пятрона Гайдзель — незамянімы ў нашым калектыве чалавек.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.