Асноўнай задачай спецыялістаў Шаркаўшчынскага раёна электрасетак з’яўляецца надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў

Актуальное

прадстаўнікі электрабрыгад Шаркаўшчынскага РЭС перад выездам на аб’екты
прадстаўнікі электрабрыгад Шаркаўшчынскага РЭС перад выездам на аб’екты

У самы кароткі дзень у годзе, 22 снежня, у Беларусі адзначаецца прафесійнае свята работнікаў, чыя дзейнасць звязана з выпрацоўкай, перадачай і збытам электраэнергіі. Гэта адно з самых светлых у прамым сэнсе слова свят у годзе. Цяжка перабольшыць значэнне энергетыкі ў нашым жыцці, бо ад яе залежаць дзеяздольнасць усіх іншых галін эканомікі і камфорт грамадзян. Дзень энергетыка — гэта свята людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё стварэнню і абслугоўванню энергетычнага комплекса краіны.

Структурным падраздзяленнем філіяла Глыбоцкіх электрычных сетак РУП “Віцебскэнерга” з’яўляецца Шаркаўшчынскі раён электрасетак. Пра дзейнасць арганізацыі расказвае яе начальнік Уладзімір Арсеньевіч Фёдараў.

— Асноўнай задачай нашай арганізацыі з’яўляецца надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне спажыўцоў, якія падключаны да электраразмеркавальных сетак, — тлумачыць Уладзімір Арсеньевіч. — Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак абслугоўвае 684 кіламетры паветраных ліній з напружаннем 10 кілават і амаль тры кіламетры кабельных ліній з такім жа напружаннем, а таксама 665 кіламетраў электраліній з напружаннем 0,4 кілавата, 466 адзінак трансфарматарных падстанцый і шмат іншага спецабсталявання.

У арганізацыі працуюць 65 чалавек, маецца 15 адзінак тэхнікі. Вырашэнне асноўнай задачы арганізацыі забяспечваецца за кошт правядзення планавых папераджальных комплексных капітальных рамонтаў аб’ектаў электрасетак. Дарэчы, капітальны рамонт праводзіцца адзін раз у дзесяць год. Сёлета мы адрамантавалі 55 кіламетраў электраліній з напружаннем 10 кілават, 61 кіламетр з напружаннем 0,4 кілавата. Дзякуючы зладжанай, аператыўнай і эфектыўнай рабоце, зменшылася колькасць аварыйных адключэнняў са 130 да 94. За 11 месяцаў бягучага года выканана замена апор ліній электраперадач з драўляных на жалезабетонныя ў вёсках Цярэшкі, Кубелеўшчына, Каршункі, Зорка, Шкялі, па вуліцах Чырванадворская і 17 Верасня ў гарадскім пасёлку. Паступова абнаўляецца і аўтапарк электрасетак. Сёлета мы атрымалі брыгадны аўтамабіль, праведзены капітальны рамонт дзвюх адзінак аўтатранспарта.

Наша арганізацыя раздзелена на тры лінейныя ўчасткі — Шаркаўшчынскі, Лужкаўскі і Іёдскі. За кожным замацаваны вызначаныя эксплуатацыйныя брыгады. Падключэнне  новых аб’ектаў і абслугоўванне вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах ажыццяўляе брыгада “Адно акно”.

Сваім абанентам мы прадастаўляем новую паслугу — СМС-апавяшчэнне аб адключэннях электрычнасці. Аб планавых і аварыйных адключэннях электраэнергіі жыхары нашага раёна цяпер могуць даведацца праз СМС-паведамленні. Падключыць такую паслугу можа кожны, у каго маецца мабільны тэлефон. У атрыманым паведамленні змяшчаецца інфармацыя пра дату і працягласць планавага адключэння. Пакуль гэта новаўвядзенне працуе ў тэставым рэжыме, таму прымаюцца ўсе прэтэнзіі па яго рабоце. Больш падрабязна пра дадзеную паслугу мы паведамім насельніцтву ў наступных нумарах раённай газеты.

З нагоды прафесійнага свята жадаю нашым работнікам выканання ўсіх намечаных планаў, кар’ернага росту, дастойнай аплаты працы! Няхай у сем’ях кожнага ззяе агеньчык дабрабыту, а па жыцці заўсёды побач крочаць здароўе, удача

Сяргей РАЙЧОНАК.