Тэатралізаванай пастаноўкай «Калядны падарунак» парадавалі шаркаўчан супрацоўнікі раённага Цэнтра рамёстваў

Актуальное

IMG_2697 (Копировать)

У чарадзе яркіх і незабыўных культурных падзей нашага рэгіёну асобнае месца ў памяці шаркаўчан заўсёды займаюць калядныя сустрэчы ў раённым цэнтры рамёстваў. У гэтым годзе творчы калектыў цэнтра парадаваў сваіх наведвальнікаў тэатралізаванай пастаноўкай            “Калядны падарунак”, а ў выставачнай зале, дзе праходзіла свята,  як і кожны год, сабралася шмат гледачоў.

Да сённяшняга дня фальклорныя калядныя традыцыі дайшлі да нас як элемент культуры нашых продкаў. І хоць  цяпер яны мала кім успрымаюцца як непахісныя правілы ці рэкамендацыі, але раскрываюць светапогляд беларускага вяскоўца, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цягавітасць да працы, дэманструюць багатыя творчыя здольнасці, невычэрпную фантазію, палёт дапытлівай думкі. Вось і 27 снежня ў шаркаўчан была цудоўная магчымасць акунуцца ў атмасферу свята, творчасці і сапраўдных навагодніх цудаў. Напачатку сустрэчы вядучыя святочнай праграмы Вікторыя Дубоўская і Алена Сухаверская расказалі пра святкаванне Калядаў у нашай мясцовасці і пазнаёмілі прысутных з абрадам “Ваджэнне казы”. Як дзецям, так і дарослым надзвычай спадабалася пастаноўка “Цар Ірад”  у выкананні  ўдзельнікаў лялечнага тэатра “Батлейка”, а таксама тэатралізаваная пастаноўка, якую прадэманстравалі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў. А весялілі прысутную публіку ў гэты дзень і віншавалі шаркаўчан з Новым годам і Калядамі ўдзельніцы  фальклорнага гурта “Калядзіца”, якія прадставілі на свяце некалькі сваіх лепшых музычных нумароў.

Адным з самых яркіх момантаў святочнай праграмы і сапраўдным “калядным падарункам” для ўсіх прысутных стала выступленне вакальна-інструментальнага гурта “Музыкі Хрыста”, створанага пры касцёле Узвышэння святога Крыжа. Музычны калектыў таленавітай моладзі   ўзначальвае выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Святлана Пятроўна Гірстун. А напярэдадні калядаў усіх веруючых са святам нараджэння Хрыста – сына Божага  павіншаваў вікарый парафіі касцёла Узвышэння святога Крыжа, ксёндз Генадзій Рэйшаль, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці.

Завяршылася мерапрыемства выставай творчых работ лепшых  шаркаўшчынскіх рукадзельніц: Алены Якушавай, Марыі Ахрамёнак, Ліліі Ягела, Марыны Хуцкай, Веры Мілянцей, Алены Ліпскай і Алены Дзяхцяр.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
IMG_2601 (Копировать) IMG_2603 (Копировать) IMG_2607 (Копировать) IMG_2623 (Копировать) IMG_2670 (Копировать)IMG_2683 (Копировать) IMG_2686 (Копировать) IMG_2691 (Копировать)IMG_2698 (Копировать) IMG_2703 (Копировать) IMG_2707 (Копировать)IMG_2675 (Копировать)