У межах курсаў “Мова нанова “ перад шаркаўчанамі выступіла артыстка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава

Актуальное

IMG_1749У межах курсаў “Мова нанова “, якія ў чарговы раз прайшлі ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра, перад гледачамі выступіла артыстка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава.

Коратка пра сябе яна паведаміла, што нарадзілася ў Ашмянах, на Гродзеншчыне, закончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. Агінскага, а затым Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў. Як сольная спявачка жанчына вядзе канцэртную дзейнасць з 2008 года, выступае ў школах, бібліятэках, музеях, на прадпрыемствах па ўсёй краіне. Таццяна Матафонава цудоўна грае на гітары, самастойна авалодала майстэрствам ігры на скрыпцы.

Напярэдадні новага года Таццяна Матафонава наведала Паставы, Глыбокае, Германавічы, іншыя гістарычныя гарады і мястэчкі заходняй Віцебшчыны. Не абмінула яна і наш гарадскі пасёлак, каб у чарговы раз выступіць з песнямі перад шаркаўчанамі.

З аповеду спявачкі прысутныя даведаліся, што яна з’яўляецца ініцыятарам выдання зборніка беларускіх вершаў і песень для школьнікаў пад назвай “Няма прыгажэй ад маёй Беларусі”. Таццяна запісала яго пры дапамозе сваіх сяброў — беларускіх аўтараў і выканаўцаў. Сам зборнік (кампакт-дыск) складаецца з дзвюх частак і змяшчае ажно 106 аўдыё-трэкаў. У іх запісаны галасы Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага, Зінаіды Бандарэнка, Юрыя Жыгамонта і іншых знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і артыстаў. Гэтыя вершы Таццяна паклала на музыку, у выніку атрымаліся цудоўныя беларускія песні, якія жанчына і падарыла шаркаўчанам у час свайго выступлення.

У той жа дзень Таццяна Матафонава выступіла ў сярэдняй школе № 2 гарпасёлка. Настаўнікі і вучні з цікавасцю слухалі мілагучныя напевы артысткі Белдзяржфілармоніі. Некаторыя з іх узялі аўтографы ад спявачкі як напамін аб канцэрце.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_1746 IMG_1761 IMG_1764 IMG_1778 IMG_1783 IMG_1791