Навагоднія віншаванні і падарункі для працаўнікоў фермы “Жукоўшчына” ААТ “Даватарскі”
Раніцай 31 снежня на малочнатаварную ферму “Жукоўшчына” ААТ “Даватарскі” завіталі Дзед Мароз разам са Снягуркай. Так адміністрацыя сельгаспрадпрыемства, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Жукоўшчынскага сельскага клуба вырашылі павіншаваць працаўнікоў жывёлагадоўлі з Новым годам і Калядамі.
У чырвоным кутку сабраліся работнікі фермы, завітаў начальнік аддзялення “Васюкі” Аляксандр Пяткевіч. Пасля ранішняга даення кароў, кармлення цялят, навядзення парадку на працоўных месцах выдаўся самы зручны час для віншаванняў.
— Паважаныя работнікі, я шчыра ўдзячны кожнаму з вас за нялёгкую працу жывёлавода, — сказаў Аляксандр Віктаравіч. — Дзякуючы вашым нястомным рукам, мы клапоцімся пра харчовую бяспеку дзяржавы, дабрабыт яе жыхароў. Цвёрда ўпэўнены, што працоўныя паказчыкі МТФ “Жукоўшчына” з кожным годам будуць расці і паляпшацца не толькі сярод малочнатаварных ферм нашай гаспадаркі, але і ў раёне. Жадаю кожнаму трывалага здароўя, міру і ўзаемапавагі ў сем’ях, фінансавага дабрабыту.
Затым казачныя персанажы — Дзед Мароз і Снягурка — правялі конкурсы для прысутных, пад вясёлыя песні разам вадзілі карагоды. І, нягледзячы на тое, што гэта дарослыя людзі, у жыцці якіх не вельмі часта надараюцца святы, тым не менш у кожнага з іх былі ў вачах іскрынкі радасці, шчасця і задавальнення. А напрыканцы мерапрыемства ўсе прысутныя атрымалі салодкія падарункі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Comments are closed.