Жыхарка вёскі Гарадзец Алена Іванаўна КРАСАВІНА выказвае сардэчную ўдзячнасць загадчыку рэанімацыйнага аддзялення раённай бальніцы Уладзіміру Фёдаравічу Майсяёнку, урачу Аляксандру Васільевічу Цішонку і ўсяму медперсаналу за прафесіяналізм, уважлівыя, чулыя адносіны да хворых, а самае галоўнае — за выратаванне жыцця. Два тыдні давялося знаходзіцца ў рэанімацыі і ўвесь гэты час людзі ў белых халатах ахіналі яе сваёй душэўнай спагадай і цеплынёй, рабілі ўсё магчымае, каб пацыентка паправілася, зноў адчула радасць жыцця на гэтай зямлі.
***
Падзякі медыкам наша рэдакцыйная пошта прыносіць рэгулярна. Не выключэнне і дні перад іх прафесійным святам. Менавіта ў гэты час у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Шаркаўшчыны Ніна Фёдараўна ГРУЗДЗІЛОВІЧ, каб выказаць словы шчырай удзячнасці людзям, якія прыйшлі ёй на дапамогу. Вось што яна расказала: “У адзін з апошніх майскіх дзён у час наведвання магазіна “Мерыдыян” адчула сябе дрэнна і страціла прытомнасць. Работнікі гандлёвай кропкі выклікалі “хуткую дапамогу”. Па выкліку прыехала Наталля Аляксандраўна Рудак, якая прафесіянальна аказала неабходную медыцынскую дапамогу. На прыёме потым была ва ўрача-кардыёлага Марыны Мікалаеўны Вашкель, якая вельмі ўважліва ставіцца да сваіх пацыентаў. Ад усёй душы хачу выказаць шчырую ўдзячнасць гэтым жанчынам за ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў, чуласць і добрыя адносіны, а таксама павіншаваць усіх медработнікаў раёна з іх прафесійным святам і пажадаць усяго самага найлепшага”.
***
У рэдакцыю раённай газеты “Кліч Радзімы” даслалі ліст жыхары аграгарадка Іёды. Пад ім падпісаліся М. А. Пупіна, Л. М. Цітовіч, А. Е. Шаблоўская, Ф. А. Падоба, С. Н. Яблонская і іншыя.
Вось аб чым яны пішуць: “У Іёдскай амбулаторыі працуе фельчар-акушэр Алена Леанідаўна Ерамеева. Гэта не толькі выдатны спецыяліст сваёй справы, а і вельмі чулая, уважлівая, ветлівая жанчына. Мы, людзі старэйшага ўзросту, часам бываем капрызнымі, нервовымі, калі хваробы данімаюць. Але Алена Леанідаўна суцешыць, пераканае, што лячэнне можа пазбавіць ад хвароб, ніколі не адмовіць свайму пацыенту — прыедзе на дом змерыць ціск, даць укол.
З самага ранку ў нашай амбулаторыі шматлюдна. На прыём прыходзяць людзі рознага ўзросту. І не толькі для таго, каб ім выпісалі лякарствы, але атрымаць параду, пачуць суцяшальныя словы ад людзей у белых халатах.
Алена Леанідаўна, як кажуць, чалавек на сваім месцы. Хочацца, каб усе ведалі, што ў Іёдах ёсць такі выдатны фельчар. Таму праз раённую газету выказваем ёй вялікае дзякуй за добрыя справы!”.
