«Працуем, каб ратаваць жыццё» Пра дзейнасць УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» расказвае галоўны ўрач Станіслаў Стома


Загадчык рэанімацыі У. Ф. Майсяёнак, медсёстры В. У. Качан, Р. В. Ліпская, санітарка А. І. Клімушка

17 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі самай гуманнай і неабходнай прафесіі — медыкі. З гэтай нагоды аб дзейнасці медкалектыву раёна, лепшых працаўніках і планах на будучае мы папрасілі расказаць галоўнага ўрача УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Станіслава Тадэвушавіча СТОМУ.
— Па традыцыі многіх гадоў у трэцюю нядзелю чэрвеня ўсе медработнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень медыцынскага работніка Рэспублікі Беларусь. Лячэнне спакон вякоў лічылася адной з самых паважаных і адказных спраў. Штодзённы клопат аб здароўі насельніцтва, папярэджанне захворванняў, вяртанне хворых да паўнацэннага жыцця — усё гэта надае асаблівы статус людзям, якія прысвяцілі сябе медыцыне. Наша праца немагчыма без вернасці аднойчы выбранай прафесіі, высокай кампетэнтнасці, узаемаразумення, здольнасці пераадольваць усе цяжкасці і перамагаць.

старшая медсястра тэрапіі Т. У. Альсевіч з пацыенткай

У нашай краіне клопат аб здароўі грамадзян з’яўляецца найбольш важным прыярытэтным накірункам дзяржаўнай палітыкі. Сёння айчынная медыцына ўпэўнена крочыць па шляху пераўтварэнняў, якія накіраваны на ўдасканальванне якасці медыцынскай дапамогі. Новыя методыкі і тэхналогіі лячэння, сучасныя лекавыя сродкі, медыцынская апаратура і абсталяванне пастаянна ўзбагачаюць арсенал медыкаў і даюць нам магчымасць перамагаць хваробы. Вельмі важнае значэнне ў барацьбе за здароўе кожнага чалавека маюць прафесійныя веды і практычны вопыт.
За мінулы год зроблена нямала. Даўкамплектавана ўрачэбнымі кадрамі пярвічная тэрапеўтычная сетка, праведзена перааснашчэнне сучасным лабараторным абсталяваннем раённай паліклінікі, закуплена стаматалагічная ўстаноўка. Плануецца набыццё перасоўнага стаматалагічнага комплексу, на базе якога мы зможам аказваць стаматалагічную дапамогу сельскаму насельніцтву.
Раённым выканаўчым камітэтам за сродкі мясцовага бюджэту набыты аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі Wolkswagen Crafter “ВитАвто-VM», аснашчаны поўным камплектам сучаснага медыцынскага абсталявання для транспарціроўкі цяжкахворых пацыентаў на абласны і рэспубліканскі ўзроўні аказання медыцынскай дапамогі.
У хуткім часе нас чакае радасная падзея — наваселле ў новым палатным корпусе ў сувязі з уводам у эксплуатацыю будынка новай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта падарунак не толькі медыкам, але і ўсім жыхарам раёна.
Увесь калектыў установы аховы здароўя раёна працуе зладжана і добрасумленна. Асабліва хацелася б адзначыць работу калектываў дзіцячага аддзялення райбальніцы, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, хірургіі. З поўнай аддачай працуюць медыкі тэрапіі, дзе загадчыцай працуе Р. С. Рымчонак, а старшай медыцынскай сястрой Т. В. Альсевіч. Самааддана выконваюць свае абавязкі калектывы Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі, Лужкаўскай участковай бальніцы і бальніцы сястрынскага догляду. У мінулым годзе ў Ручайскім, Верацееўскім і Дворнаўскім ФАПах пачалі працаваць маладыя спецыялісты, якія якасна забяспечваюць даступнасць медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву.

калектыў Германавіцкай амбулаторыі (злева направа): Л. У. Цярэшка, Т. Ф. Ганебная, Л. П. Сташкевіч, А. М. Стасевіч, А. Т. Фёдарава, Я. І. Альшэўская, З. Ф. Кавалёнак

На сённяшні дзень у медыцынскай сферы раёна працуюць 393 медыцынскія работнікі. У іх ліку — 32 урачы, 182 сярэдніх медработнікі і 100 чалавек малодшага медперсаналу. З асаблівым пачуццём удзячнасці за іх гуманную працу віншую ўсіх з прафесіянальным святам. Няхай вам заўсёды спадарожнічае творчая ўдача, яе рухаючай і стваральнай сілай застаюцца майстэрства і талент, а натхняльнай крыніцай будуць новыя дасягненні ў вобласці аховы здароўя грамадзян нашай краіны. Жадаю, каб вынікі вашай нялёгкай дзейнасці былі паспяховымі, а веды і цеплыня вашых сэрцаў, чысціня намераў заўсёды падтрымлівалі пацыентаў у час хваробы і выздараўлення. А жыхарам раёна хочацца пажадаць моцнага здароўя, вясёлага настрою, каб яны заўсёды памяталі аб адказнасці за захаванне свайго здароўя і ведалі, што кожны медык жадае ім толькі дабра і аддасць усе сілы на пераадоленне хваробы і выратаванне жыцця.
Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *