Некалькі дзён таму намеснік старшыні райвыканкама А. А. Цітовіч праводзіў чарговае пасяджэнне “круглага стала” па пытаннях дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Варта нагадаць, што дадзенае аб’яднанне адно з самых масавых, якое налічвае больш за 3200 чалавек. З інфармацыйна-даведачным матэрыялам на пасяджэнні выступіла старшыня раённай арганізацыі А. М. КУРАЧОНАК. Ніжэй друкуюцца асноўныя вытрымкі, якія дазваляюць больш глыбока асэнсаваць кожнаму важнасць дзейнасці названай арганізацыі.
— Дадзенае аб’яднанне зарэгістравана ў якасці незалежнага ў 1991 годзе і кіруецца ў сваёй рабоце наступнымі прынцыпамі: гуманнасць, справядлівасць, нейтральнасць, незалежнасць, дабравольнасць, адзінства, універсальнасць. Асноўная мэта дзейнасці — аблягчэнне чалавечых пакут, вырашэнне сацыяльных праблем, аказанне дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў і асобам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайных сітуацый.
На сённяшні дзень у склад раённай арганізацыі ўваходзяць 33 актыўна дзеючыя пярвічкі, у якіх на ўліку 16 працэнтаў насельніцтва. Найбольш шматлікія ў цэнтральнай раённай бальніцы і школах райцэнтра. Фінансавымі сродкамі, а гэта ў асноўным узносы, аказваецца сацыяльная дапамога адзінокім, адзінокапражываючым грамадзянам і інвалідам.
У рамках праграмы “Гуманітарная дапамога слабым” раённая арганізацыя неаднаразова атрымлівала гуманітарныя грузы і размяркоўвала іх з улікам канкрэтных сітуацый.
На працягу апошніх гадоў наш раён наведала дэлегацыя нямецкага Чырвонага Крыжа з горада Зіке. Яе члены пазнаёміліся з рэгіёнам, пабывалі ў аграгарадках Більдзюгі, Германавічы і Лужкі. Аказалі гуманітарную дапамогу на суму каля 20 мільёнаў рублёў.
Беларускі Чырвоны Крыж з 2005 года пачаў работу па папярэджванню гандлю людзьмі. І задача тут у тым, каб узброіць грамадзян неабходнай інфармацыяй, якая закранае пытанні працаўладкавання за мяжой. У рамках дадзенай праграмы ў раёне сумесна з абласной арганізацыяй праведзена акцыя “Супрацьдзеянне гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь”. Прадстаўнікі інфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра “Рукі дапамогі” паказалі невялікае прадстаўленне, у якім наглядна прадэманстравалі механізм заманьвання людзей у рабства, дзе ў якасці прынады — абяцанне вялікіх грошай за выкананую работу. Былі падведзены вынікі творчага конкурсу малюнкаў, плакатаў, буклетаў, вершаў дадзенай тэматыкі. Пераможцы атрымалі граматы і памятныя сувеніры.
Самы непасрэдны ўдзел БЧК прымае ў рэалізацыі праграмы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Асноўнай рухаючай сілай тут з’яўляюцца валанцёры Чырвонага Крыжа. Гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. У рамках праекта яны самастойна праводзяць навучанне па прынцыпу “роўны вучыць роўнага” у школах раёна. У дзень прафілактыкі СНІДу, 1 снежня, ва ўстановах адукацыі праводзяцца конкурсы малюнкаў, сачыненняў, рэфератаў, насценных газет.
Паралельна з комплексам мерапрыемстваў, які ажыццяўляецца ў рамках узаемадзеяння з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, рэалізуюцца розныя маладзёжныя ініцыятывы, накіраваныя на сацыяльную дапамогу, прафілактыку дрэнных звычак і небяспечных захворванняў, падтрымку адзінокім людзям, дапамогу грамадзянам у вырашэнні пытанняў вышуку.
Важным раздзелам у рабоце арганізацыі з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця. Чытаюцца лекцыі, праводзяцца гутаркі, акцыі, святы здароўя, тэматычныя дыскатэкі і вечарыны, віктарыны, агляды-конкурсы інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў, семінары, нарады. І надалей дзейнасць раённай арганізацыі будзе накіравана на дапамогу найбольш малазабяспечаным людзям, развіццё партнёрства з дзяржаўнымі органамі, рэалізацыю асноўных гуманітарных праграм, вырашэнне фінансавых праблем. Як старшыня аб’яднання спадзяюся на падтрымку ўсіх членаў і валанцёраў Беларускага Чырвонага Крыжа і ўсіх неабыякавых людзей.
У час “круглага стала” яго ўдзельнікам быў прадэманстраваны відэафільм аб гісторыі ўтварэння таварыства, яго дзейнасці на сучасным этапе развіцця грамадства.
На пасяджэнні “круглага стала” прысутнічаў Эдуард КОРСАК
