Інтэрв’ю з старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіліем Протасам

Актуальное

старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас
старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Протас

15 лютага спаўняецца 30 год з дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана. Задачы па недапушчэнні нападу на паўднёвыя рубяжы СССР і аказанні дапамогі ўраду ДРА у барацьбе з незаконнымі бандфарміраваннямі былі выкананы. Воіны-інтэрнацыяналісты вярталіся на Радзіму…

15 лютага 1989 года камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Громаў апошнім перасёк мяжу, якая раздзяляла СССР і Афганістан. “За мной ніводнага салдата, афіцэра, прапаршчыка няма. На гэтым наша больш чым дзевяцігадовае знаходжанне там завершана. Я хачу сказаць яшчэ, што нашым салдатам, якія прайшлі гэтыя гады, трэба помнікі ставіць”, — заявіў Барыс Громаў журналістам, стоячы на мосце праз раку Амудар’ю. Ён ведаў, пра што казаў. Праз афганскую вайну прайшлі 620 тысяч савецкіх ваеннаслужачых, 21 тысяча цывільных асоб, 95 тысяч прадстаўнікоў КДБ, унутраных войск і міліцыі. Загінулі, памёрлі ад ран звыш 15 тысяч грамадзян Савецкага Саюза. Вогненнымі дарогамі Афганістана прайшлі 30 тысяч беларусаў, сярод якіх і больш 60-ці шаркаўчан. Многія з іх вярнуліся на радзіму з высокімі баявымі ўзнагародамі. Сярод іх і воін-інтэрнацыяналіст, старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Савіч Протас, з якім мы сустрэліся напярэдадні 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана.

— Васілій Савіч, што асабіста для вас значыць Афганістан?

— Для мяне гэта не проста краіна, контуры якой я вызначаў на палітычнай карце па геаграфіі будучы школьнікам. Гэта перыяд у маім жыцці, які застаўся назаўжды ў памяці, у душы. Без перабольшвання скажу, што Афганістан — гэта незагойная рана на сэрцы. Нельга забыць той цяжар вайны, якія мы, воіны-інтэрнацыяналісты, зведалі там: боль, адчай, горыч страт сяброў-саслужыўцаў.

— Як вы трапілі ў гэту паўднёвую краіну?

— 26 верасня 1983 года мне, васямнаццацігадоваму юнаку, як і іншым хлопцам прызыўнога ўзросту, прыйшла павестка з райваенкамата аб прызыве на тэрміновую службу. Адразу трапіў ў Мар’іну Горку, дзе з іншымі юнакамі праходзіў курс маладога байца. Затым цягніком нас адправілі ў Казахстан. Тут многія з нас зразумелі, што трапім на афганскую зямлю. Інтуіцыя не падманула, бо пасля двух з паловай месяцаў фізічных трэніровак, навучання рукапашнаму бою, стральбе з усіх відаў зброі вайсковае камандаванне паведаміла — нас накіроўваюць у Дэмакратычную рэспубліку Афганістан.

— Што адчувалі, калі ступілі на чужую зямлю з трапа самалёта?

— Як і іншыя салдаты, я не ведаў, што нас чакае на чужыне, што будзе заўтра, паслязаўтра, колькі часу мы прабудзем у Афганістане. Яшчэ будучы ў казахстанскім каранціне юнакоў, якія мелі вадзіцельскія пасведчанні, рыхтавалі па групах для службы на легкавых (штабных) і грузавых (баявых) аўтамабілях. Я быў у групе, дзе абучалі навыкам язды на ГАЗ-66. Прабыўшы два дні ў Кабуле, я трапіў у горад Баграм у асобны разведвальны батальён. Жылі ў палатках па 20-25 чалавек у кожнай. У першы ж дзень выдалі баявую зброю — аўтамат Калашнікава (АК-74).

— А калі здарылася першая сутычка з душманамі?

— Было гэта 2 студзеня 1984-га. Па баявой трывозе нас паднялі ноччу. Удзельнікі бандфарміравання пачалі абстрэл транспарту на дарозе, якая вяла ў Кабул праз перавал Саланг. Гэта была галоўная транспартная артэрыя для пастаўкі савецкім войскам узбраення, тэхнікі, харчавання. У перастрэлцы мы змаглі адбіць ворага і захапіць у палон двух параненых душманаў. Вось тады ўпершыню я і ўбачыў, як страляюць у чалавека, як яго забіваюць кулямі аўтаматных чэргаў.

— Як нам вядома, вы прабылі ў Афганістане амаль два гады. Якія заданні яшчэ даводзілася выконваць?

— Першыя паўгода з’яўляўся разведчыкам. Затым мне даручылі бронетранспарцёр БТР-70, на якім я і служыў ажно да самага “дэмбеля”. Асноўнай задачай была ахова перавалаў. Наогул, на сваім БТР я аб’ездзіў амаль усю тэрыторыю рэспублікі, нярэдка трапляў пад абстрэл ворага.

— А ці часта прыходзілі весткі з дому?

— Канечне, з бацькамі я перапісваўся. Але вось з-за ваеннай цэнзуры нам нельга было паведамляць, што тут ідзе вайна, што кожны дзень для нас можа стаць апошнім. Тата з мамай у сваіх лістах пісалі, як цудоўна, мілагучна спяваюць над Дзісной салаўі, якім духмяным водарам вее ад квецені майскіх садоў. Ад гэтага моцна сціскала ў грудзях, настальгічна балела сэрца. Бо на чужыне перад намі ўзвышаліся толькі бясконцыя горы, распасціраліся жоўтыя пяскі. І такі малюнак перад вачамі быў на працягу доўгіх дваццаці трох месяцаў.

— Вяртанне на радзіму, сустрэча з роднымі і сябрамі былі незабыўнымі, так?

— Канечне. Ехаў цягніком спачатку з Ашхабада да Масквы, потым у Мінск, а са сталіцы БССР у Шаркаўшчыну. На парозе свайго дома сустрэлі бацькі. У гарачых абдымках таты і мамы з вачэй міжволі пацяклі слёзы радасці, бо, здавалася, гэта пачуццё не мела тады межаў. У снах і цяпер чую ваенную трывогу, бачу твары баявых таварышаў, якія назаўсёды засталіся на афганскай зямлі.

— Васілій Савіч, цяпер, калі амаль не засталося сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, менавіта ад воінаў-інтэрнацыяналістаў у вялікай ступені залежыць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Якая работа вашым грамадскім аб’яднаннем праводзіцца ў дадзеным накірунку?

— Воіны-інтэрнацыяналісты, і я ў тым ліку, заўсёды з радасцю прымаем запрашэнні да ўдзелу ў сустрэчах з вучнямі школ, з наведвальнікамі бібліятэк, дамоў культуры. Самі з’яўляемся ініцыятарамі правядзення падобных мерапрыемстваў. Дзеці, юнакі абавязкова павінны ведаць праўдзівыя звесткі пра тую вайну. Цяпер існуе мноства мастацкіх кінастужак, дакументальных відэафільмаў аб вайне ў Афганістане 1979-1989 гадоў. Але, на жаль, факты, пададзеныя ў іх, далёкія ад рэчаіснасці. Таму наша задача як відавочцаў і ўдзельнікаў тых крывавых падзей данесці да маладога пакалення праўду, каб юнакі і дзяўчаты — будучае нашай незалежнай краіны — раслі сапраўднымі партыётамі Беларусі.

— Васілій Савіч, якімі будуць вашы пажаданні воінам-афганцам і іншым шаркаўчанам, якія неслі нялёгкую службу ў “гарачых кропках”?

— Пажадаць, канечне ж, хачу здароўя, дабрабыту ў сем’ях, шчаслівай долі нашым дзецям і ўнукам. Хочацца верыць, што наша афганскае брацтва, сяброўскія адносіны былых воінаў-інтэрнацыяналістаў застануцца непахіснымі на ўсе будучыя гады.

— Вялікі вам дзякуй за цікавую размову!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.