
15 чэрвеня, напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў, у раённым Доме культуры сабраліся прадстаўнікі гэтай высакароднай прафесіі з гарадскога пасёлка і раёна. Урачы, медыцынскія сёстры, санітаркі, вадзіцелі, фельчары, адным словам, усе, хто тым ці іншым чынам удзельнічае ў рабоце УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ». Напачатку прысутныя прагледзелі фільм пра Шаркаўшчыну, тыя здабыткі, якія ўдалося дасягнуць шаркаўчанам, тое, чым можна ганарыцца.
— Ваша прафесія — самая гуманная ў свеце, — сказаў, звяртаючыся да

прысутных, старшыня райвыканкама Мечыслаў Віктаравіч Морхат. — Гэта штодзённы подзвіг, які патрабуе бязмежнай дабрыні, чуласці, міласэрнасці. Дарыць жыццё і здароўе, лячыць хваробы, даглядаць хворых і нямоглых, аблягчаць боль пацыентаў і ўсяляць у іх душы аптымізм — гэта і ёсць прызванне сапраўднага медыцынскага работніка. У Беларусі ўлада ўдзяляе вялікую ўвагу ахове здароўя насельніцтва, бо добра разумее ісціну — калі медыцына знаходзіцца на высокім узроўні, то такая краіна мае перспектыву, будзе развівацца. А ваша задача заключаецца ў тым, каб працаваць у накірунках, якія вызначае дзяржаўная праграма дэмаграфічнай бяспекі, а менавіта павелічэнне працягласці жыцця насельніцтва, зніжэнне ўзроўню смяротнасці. Лічу, што вы паспяхова спраўляецеся з задачай і дэманструеце высокі ўзровень прафесіяналізму. Сёлета ў жыцці раёна павінна адбыцца важная падзея — адкрыццё новай бальніцы. Перакананы, што нашы людзі маюць права на сучаснае якаснае абслугоўванне, а вы, медыкі, павінны працаваць у камфортных умовах. Віншую вас са святам, жадаю моцнага здароўя, аптымізму, поспехаў на абраным шляху служэння чалавеку.
Падзякаваў у сваім выступленні калегам за дастойную работу галоўны ўрач УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» Станіслаў Тадэвушавіч Стома. З віншаваннямі і пажаданнямі звярнуліся да прысутных старшая медыцынская сястра Валянціна Уладзіміраўна Хаданёнак, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Леанідавіч Грашчанка.
Ва ўрачыстай атмасферы лепшым прадстаўнікам калектыву былі ўручаны граматы і грашовыя прэміі. А работнікі культуры падрыхтавалі для гледачоў канцэрт, з мноствам цікавых і запамінальных нумароў. Дарэчы, медработнікі папярэдне самі выбіралі песні, якія хацелі пачуць, і кожнае, без выключэння, аддзяленне бальніцы пачула выбраную песню ў яскравым выкананні юных артыстаў з «Маленькай феі» і «Карамелек», Уладзіміра і Жанны Пундзісаў, Улада Алешчанкі, Марыі Баговіч, Уладзіміра і Анжэлы Касцюкевічаў, Мікалая Кірыенкі і іншых артыстаў. Трэба сказаць, што і калектыў медыкаў не бедны на таленты, перад сваімі калегамі выступілі Сняжана Кондрат, Святлана Лаўрыновіч, Алена Казачэнка і Анна Хвяцковіч.
А дастойным завяршэннем канцэрта і сапраўднай эмацыйнай кропкай стала песня «Людзі ў белых халатах», калі ўсе прысутныя ў зале падняліся і з урачыстым настроем разам праспявалі гэты неафіцыйны гімн медыцынскіх работнікаў.
Андрэй БУРЭЦ


***
Узнагароджаны лепшыя

Ганаровай граматай райвыканкама за добрасумленную работу ў сістэме аховы здароўя насельніцтва, актыўную жыццёвую пазіцыю атрымалі:
Мікалай Мікалаевіч САКАЎ — урач-рэнтгенолаг;
Марыя Зянонаўна БАГОВІЧ — медыцынская сястра паліклінічнага аддзялення.
Падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне аховы здароўя, актыўную жыццёвую пазіцыю аб’яўлена:
Алене Віктараўне РАДАШКЕВІЧ — участковаму ўрачу-тэрапеўту;
Алене Сяргееўне НАКОЎНІКАВАЙ — фельчару аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі;
Ліліі Зянонаўне КОЖАН — медыцынскай сястры;
Святлане Пятроўне ЛАЎРЫНОВІЧ — медыцынскай сястры паліклінічнага аддзялення.
Ганаровай граматай упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, чулыя і ўважлівыя адносіны да хворых узнагароджана Вольга Мікалаеўна САВЕЛЬЕВА — загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі.
Ганаровай граматай праўлення беларускага грамадскага аб’яднання медыцынскіх сёстраў узнагароджана Валянціна Уладзіміраўна ХАДАНЁНАК — галоўная медыцынская сястра.
Дыплом упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама і прафсаюза работнікаў аховы здароўя атрымала УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» — пераможца абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю аховы працы па выніках 2011 года сярод устаноў аховы здароўя з колькасцю персаналу да 500 чалавек.
Ганаровай граматай УАЗ «Шаркаўшчынская ЦРБ» узнагароджаны:
Алена Валер’еўна ЦІШОНАК — урач акушэр-гінеколаг, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення;
Аксана Уладзіміраўна СЕЛІВАНАВА — урач-хірург;
Вольга Георгіеўна БАХІР — аперацыйная медыцынская сястра;
Сняжана Серафімаўна СТАШКЕВІЧ — старшы фельчар хуткай дапамогі;
Алена Георгіеўна ЯФІМАВА — медыцынская сястра;
Таццяна Генадзьеўна ЗУЙ — медыцынская сястра;
Марыя Станіславаўна БАГУШЭВІЧ — медыцынская сястра;
Валянціна Генадзьеўна ЯКАЎЧЫК — медыцынская сястра;
Алена Аркадзьеўна ЗАХАРЫЧ — загадчыца Шкунцікаўскага ФАПа;
Крысціна Феліксаўна ПАДГАЙСКАЯ — медрэгістратар;
Антаніна Іванаўна АЛЕКСІНА — урач агульнай практыкі, загадчыца бальніцы сястрынскага догляду ў Лужках;
Валянціна Вітальеўна ЖАЛЕЙКА — лабарант Лужкаўскай бальніцы сястрынскага догляду;
Лія Уладзіміраўна ЦЯРЭШКА — медыцынская сястра Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі;
Віктар Уладзіміравіч ПАЛЯГОШКА — агент па забеспячэнні.

***
Словы падзякі
Адной з самых прыемных і галоўных узнагарод для медыцынскага работніка з’ўяўляюцца словы падзякі ад пацыентаў і сведчанні іх добрага здароўя. У рэдакцыю пастаянна паступаюць тэлефанаванні і лісты з просьбамі людзей падзякаваць праз газету раённым медыкам. Вось і шаркаўчанка Ганна Іванаўна Салачонак выказвае словы ўдзячнасці загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Раісе Станіславаўне Рымчонак і ўсяму яго персаналу. Ганна Іванаўна патрапіла сюды з высокім ціскам, прабыла паўтара тыдні і дзякуючы лячэнню адчувае сябе цяпер значна лепей. «Раіса Іванаўна — гэта канешне, медык ад Бога, — гаворыць яна. — Не толькі кваліфікаваны спецыяліст, а і яшчэ вельмі чулы чалавек, які лечыць не толькі ведамі, а і добрымі душэўнымі адносінамі да пацыентаў».

