Навечна ў памяці шаркаўчан застануцца подзвігі воінаў Вялікай Айчыннай вайны

Актуальное

75-let-osvobozhdeniya-belarusi

У 75-ы раз шматпакутная, але няскораная зямля Беларусі сёлета будзе адзначаць дзень свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікая Айчынная вайна з’явілася цяжкім выпрабаваннем для нашай краіны. Выпрабаваннем усяго — чалавека, тэхнікі, грамадства, яго ладу, эканомікі, навукі.

Адольф Гітлер і яго паплечнікі мелі на мэце не толькі захоп, а, перш за ўсё, ліквідацыю камуністычнага ладу, зняволенне і знішчэнне мільёнаў савецкіх людзей. Аднак наш народ знайшоў у сабе сілы выстаяць і разграміць агрэсара. Перамога над нацызмам — гэта найвялікшы подзвіг нашага народа. І як бы цяперашнія гісторыкі ні спрабавалі з рознага пункту гледжання інтэрпрэтаваць падзеі таго часу — вялікае не можа быць забыта.

Беларусь першай прыняла бязлітасны ўдар гітлераўскай Германіі. У вяках будзе жыць легендарны подзвіг гарнізона Брэсцкай крэпасці, гераічныя бітвы пад Мінскам, Барысавам, Полацкам, Віцебскам і Магілёвам. Ні днём, ні ноччу не гасла на нашай зямлі полымя ўсенароднай партызанскай барацьбы. Толькі на тэрыторыі нашага раёна ад Шаркаўшчыны да Пастаў дзейнічала 16 падпольных арганізацый, 20 антыфашысцкіх груп, вялі барацьбу партызанскія брыгады “Кастрычнік”, “ Спартак”, “За Радзіму”.

Ужо на самым пачатку акупацыі камсамольскі актывіст Генадзій Лысёнак згуртаваў вакол сябе маладых хлопцаў на барацьбу з ворагам. Яны палілі масты, разразалі кабелі тэлефоннай сувязі, збіралі зброю, слухалі па радыё навіны з Масквы, пісалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі.

У далейшым прадстаўнікі моладзі вёсак Полава, Зямцы, Алашкі, Рымкі, Агальніцы і іншых зліліся ў падпольную арганізацыю. Сакратаром Шаркаўшчынскага падпольнага райкама камсамола стаў Генадзій Лысёнак. Перыядам поўнага выгнання нямецка-фашысцкіх захопнікаў з нашай зямлі стаў 1944 год. У выніку імклівай наступальнай аперацыі “Баграціён” усе гарады і пасёлкі былі ачышчаны ад акупантаў.

Навечна ў памяці шаркаўчан застанецца подзвіг воінаў 44-й мотастралковай брыгады першага танкавага корпуса пад камандаваннем гвардыі палкоўніка Халаева, якія 1 ліпеня 1944 года вызвалілі Шаркаўшчыну. Ніколі не забудуць жыхары Германавіч байцоў 1406 зенітна-артылерыйскага палка 166 стралковай дывізіі, якія выгналі ворага цаною жыцця многіх сваіх воінаў.

Дастойную лепту ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўнеслі нашы землякі. Больш як 700 ураджэнцаў раёна змагаліся з ворагам у радах Чырвонай Арміі, прайшлі франтавымі дарогамі. За тры гады гітлераўскія акупанты нанеслі беларускаму народу велізарныя страты: спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 3.200 вёсак, знішчана больш за палову нацыянальнага багацця рэспублікі. Сёння з вядомай усяму свету вёскай Хатынь мы называем і вёскі Шаркаўшчынскага раёна: Кушталі, Трабаўшчына, Журавоўшчына, Строна, Сялібка, Свілы, Падрэзаўшчына і іншыя. За час акупацыі вораг знішчыў звыш дзвюх тысяч мірных жыхароў нашага раёна, каля 400 воінаў-шаркаўчан не вярнуліся з палёў бітвы.

Прайшлі дзесяцігоддзі. Пераўтварылася, расквітнела наша Беларусь, шаркаўшчынская зямля. Вырасла не адно пасляваеннае пакаленне людзей. І цяпер, калі наша краіна вырашае задачы ўмацавання міру на зямлі, аздараўлення эканомікі, маштабныя сацыяльныя і экалагічныя праблемы, духоўныя сілы народа павінны быць такімі ж, як і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Памнажаць дасягненні, умацоўваць эканоміку, уносіць свой важкі працоўны ўклад на кожным рабочым месцы — гэта і з’яўляецца свяшчэннай памяццю пра тых, хто аддаў сваё жыццё за шчасце Радзімы, за яе светлую будучыню.

Сяргей РАЙЧОНАК.