«Жыць, каб бачыць сінь нябёсаў» (пра вайну ў Афганістане ўспамінае Сяргей Тарасёнак)

Актуальное

459 (Копировать)

Сучаснаму пакаленню цяжка ўявіць вайсковую службу, дзе баяцца трэба не “дзедаўшчыны”, а смерці ад рукі ворага ў любы момант, дзе рызыкуеш самім сабою, закрываючы грудзьмі таварышаў, выконваючы загады баявых камандзіраў у экстрымальных умовах, толькі зрэдку думаючы пра тое, што будучае, напэўна, прыйдзе, але ў ім можа не быць цябе… Такія думкі не аднойчы наведвалі тых салдат, якія прайшлі службу ў Афганістане.

— Пра тое, што траплю на службу ў Афганістан, пачаў здагадвацца падчас праходжання медыцынскай камісіі ў Віцебскім абласным ваенкамаце, — успамінае Сяргей Юльянавіч Тарасёнак. — Там навабранцам паведамілі, что служыць будзем за мяжой Савецкага Саюза. Трапілі спачатку ў Мар’іну Горку, а адтуль цягніком ажно ў Туркменію. У горадзе Педжэнт на працягу трох месяцаў нас, васямнаццацігадовых юнакоў, вайсковае камандаванне рыхтавала да правядзення ваенных дзеянняў у Афганістане: мы асвойвалі стральбу з усіх відаў зброі, вучыліся прыёмам рукапашнага бою, кіраваць ваеннай тэхнікі, прывыкалі да новых кліматычных умоў.

У адзін з дзён камандзір паведаміў: “Сёння ноччу садзімся ў самалёты і вылятаем у Афганістан”. З некалькіх соцен маладых байцоў выбралі 48 челавек, у іх ліку аказаўся і я. Канчатковым пунктам маёй дыслакацыі стаў горад Кундуз, дзе залічылі мяне механікам-вадзіцелем БМД (баявой машыны дэсанту) у 154-ы асобны атрад спецыяльнага прызначэння.

Шматлікая савецкая тэхніка, трэба сказаць праўду, была не падрыхтаванай да ваенных дзеянняў. БМД пры пападанні ў яе снараду ўспыхвала імгненна і згарала за лічаныя хвіліны. Гэта мне і самому выпала пазнаць, калі мая машына падарвалася на варожай міне. На шчасце, удалося выжыць. Камандаванне потым перасадзіла на БМП (баявую машыну пехоты), але і тут напаткала няўдача. Падчас выезду па баявой трывозе трак машыны праехаў па міне — імгненны выбух, сам я атрымаў раненне, але застаўся жывы.

Наогул жа, за перыяд знаходжання ў “гарачай кропцы” шмат чаго надаралася бачыць на ўласныя вочы. У час службы ў горадзе Джэлалабад прыходзілася весці “зачыстку” кішлакоў на прадмет выяўлення там бандфарміраванняў. Горад знаходзіўся ў 16-ці кіламетрах ад афгана-пакістанскай мяжы, таму тут частымі былі выпадкі трафіку зброі, наркотыкаў. “Зачысткі” кішлакоў праводзілі 1-2 разы на тыдзень. Тут быў уведзены каменданцкі час: з 10 гадзін вечара і да 6 гадзін раніцы насельніцтву нельга было пакідаць свае дамы, перамяшчацца па населеных пунктах. Кантроль за гэтым, як і выяўленне з далейшай ліквідацыяй душманаў, быў ускладзены на нас.

Па дадзенай мясцовасці перамяшчаліся караваны з Пакістана са зброяй для бандфарміраванняў. Нярэдкімі былі сутычкі з імі, у перастрэлках гінулі не толькі бандыты, але і мноства савецкіх салдат.

Добра памятаю, як наш камандзір аднойчы спытаў: “Сяргей, ці хочаш ты на адзін дзень трапіць дамоў?”. Прызнацца, гэта пытанне мяне вельмі здзівіла. Знаходзячыся на вайне, за тысячы кіламетраў ад родных мясцін, як можна трапіць да бацькоў? І ўсё ж такую магчымасць я не мог упусціць. З Афганістана перыядычна на платформах цягнікоў у Савецкі Саюз адпраўлялася пашкоджаная тэхніка (БМД і БМП) для рамонту. У адзін з такіх эшалонаў мяне залічылі суправаджаючым. Так я і трапіў на рамонтны завод у Барысаў, папярэдне адправіўшы бацькам тэлеграму. Тата і мама прыехалі на завод, каб хоць на невялікі час спаткацца, убачыцца, пабыць у абдымках адно аднаго. Толькі ў час сустрэчы яны даведаліся, што я знаходжуся на вайне, бо паведамляць пра гэта ў пісьмах было строга забаронена.

У Афганістане я служыў год і сем месяцаў. 26 красавіка 1984 года з некаторымі сваімі саслужыўцамі адправіўся, сумленна выканаўшы воінскі абавязак перад Радзімай, у Беларусь.

У кожнага воіна-афганца свой лёс, свае радасці і смутак, але аб’ядноўвае іх адно — успаміны пра баявыя дні і ночы пад гарачым сонцам і халодным месяцам Афганістана.

— Вельмі хочацца, каб нашым сённяшнім салдатам не прыходзілася служыць у такіх жорсткіх умовах, і няхай яны не ведаюць жахаў вайны, — сказаў Сяргей Юльянавіч.

Ён, як ніхто іншы, ведае кошт чалавечага жыцця, бо сам, неаднаразова трапляючы пад варожыя кулі, засланяў ад гібелі сваіх таварышаў, сваіх сяброў, каб кожны з іх жыў пад мірным небам і бачыў бяздонную далеч блакітных нябёсаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.