«У песнях жа родны край, родныя словы
Жылi i жывуць, i жыць будуць заўседы»
Я. КУПАЛА.
Беларускі народ заўжды славіўся багатай духоўнай спадчынай. На кожнае свята ці падзею былі свае песні, абрады і звычаі.
На жаль, з цягам часу людзі адарваліся ад роднай культуры і народнай песні,пра многія традыцыі і ўспомніць не могуць. Сучасныя ўмовы не спрыяюць існаванню і развіццю песенных традыцый у штодзённым жыцці. Таму трэба шукаць такія галіны мастацкай дзейнасці, дзе народная песня зможа ўзнавіцца.
Пра фальклорны калектыў “Велікасельскія вячоркі” загадчык Велікасельскага сельскага клуба Аляксанд Бука можа расказаць шмат цікавага.
— Я лічу сябе сапраўдным беларусам, — расказвае Аляксандр Бука, — люблю старадаўнія песні, якія пелі мае бабуля і маці. Таму даўно марыў стварыць фальклорны калектыў. У сваім жыцці я шмат дзе працаваў, нават ездзіў на заробкі ў Расію, але вярнуўся. Лепш за свой Шаркаўшчынскі раён не знайшоў! Калі ўладкаваўся працаваць загадчыкам Велікасельскага клуба, адразу спытаў у вяскоўцаў, ці ёсць сярод мясцовых бабуль тыя, хто захочуць і змогуць выступаць на сцэне. Мне параілі звярнуцца да Яўгеніі Іванаўны Садко. Разам з ёй пачалі збіраць калектыў, шукаць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Праўду кажучы, самі нават неверылі спачатку, што ў нас усё атрымаецца. Спачатку мы прайшлі па дварах і сабралі нашых спявачак. Наш калектыў існуе амаль два гады ў сваім нязменным складзе: Людміла Аляксееўна Шашок, Вера Канстанцінаўна Морхат, Ала Міхайлаўна Пугаўка, Ірына Эдуардаўна Якімовіч.
Спачатку ўдзельнікі калектыву развучвалі тое, што спявалі іх бабулі,бацькі, старэйшыя жыхары вёскі: рускія і беларускія народныя песні. Галоўнае было паспець назбіраць песеннага матэрыялу з першых вуснаў, лічыць кіраўнік. На жаль, людзі не вечныя, старажылы вёскі сыходзяць з жыцця. А яны зараз з’яўляюцца самымі галоўнымі носьбітамі інфармацыі. Бо важна не толькі ведаць словы, але і бачыць пачуццё, з якім выконваецца песня.
Сёння у рэпертуары “Велікасельскіх вячорак” ёсць аўтэнтычныя пастаноўкі, гумарэзкі, песні, танцы, жартоўныя частушкі. А яшчэ адметная рыса фальклорнага калектыву — народная кухня. Гаспадыні амаль да кожнага свята рыхтуюць смачныя стравы, пякуць пірагі і шмат чаго іншага. Праводзяць абрады — Піліпаўскія і Калядныя вячоркі, Купалле і іншыя. Усе сцэнарыі фальклорных мерапрыемстваў Аляксандр Бука і Яўгенія Іванаўна Садко пішуць разам, на мясцовым матэрыяле. А яшчэ загадчык клуба прыцягвае да ўдзелу ў тэатралізованных пастаноўках вучняў мясцовай школы. Каб праз творчасць захаваць, адрадзіць і папулярызаваць народныя традыцыі і звычаі.
— На жаль, — кажа Аляксандр, — няма у нас ніводнага чалавека, каб умеў іграць на баяне. Таму праходзіцца звяртацца да кіраўніка аматарскага аб’яднання «Душэўная ўтульнасць» Галіны Пятроўны Сафончык, якая нам дапамагае. Галоўнае, што мы можам перадаць будучым пакаленням народную творчасць нашых дзядоў і бацькоў. Людзі не павінны страчваць свае традыцыі. Для іх захавання існуе наш невялікі калектыў. Мы імкнёмся перадаць будучаму пакаленню свой скарб — нашу духоўную спадчыну.
Алена АНАНІЧ.





