У школах раёна кожны чацвёрты чацвер месяца для вучняў 9-11 класаў праводзіцца адзіны дзень інфармавання пад назвай “Школа актыўнага грамадзяніна”. На сустрэчу з падлеткамі запрашаюцца грамадскія дзеячы, прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, спартсмены, іншыя асобы.
-Надзвычай цікава такія сустрэчы праводзяцца ў сярэдняй школе № 1 г. п. Шаркаўшчына , адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гэтай навучальнай установы Таццяна Мікалаеўна Зубовіч. – Мэта адзінага Дня інфармавання – даць старшакласнікам магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, задаць ім хвалюючыя пытанні, а таксама дапамагчы з выбарам будучай прафесіі.
На адной з такіх сустрэч пабывала і каррэспандэнт раённай газеты, калі госцем “Школы актыўнага Грамадзяніна” стаў выпускнік сярэдняй школы № 1 г. п. Шаркаўшчына , майстар спорту міжнароднага класа , уладальнік вышэйшага спартыўнага дасягнення ў хадзе на 100 кіламетраў, чэмпіён свету па спартыўнай хадзе, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Атланце і Сіднэі, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па спартыўнай хадзе Віктар Гардзеевіч Гінько.
Удзельнік Алімпійскіх гульняў адказаў на шматлікія пытанні юных шаркаўшчынскіх спартсменаў, падзяліўся ўспамінамі аб тым з чаго пачынаўся яго шлях у вялікі спорт і расказаў пра свае спартыўныя дасягненні,а таксама даў каштоўныя парады падлеткам, якія захапляюцца спортам і наведваюць розныя спартыўныя секцыі. Разам са знакамітым спартсменам дзеці паразважалі пра развіццё спорту ў нашай краіне, абмеркавалі найбольш значныя спартыўныя падзеі , якія праходзілі ў Беларусі ў апошнія гады, і тыя, што запланаваны на бліжэйшы час. Усе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што ў Беларусі развіццю спорту ў апошнія гады надаецца вельмі вялікая ўвага і ў кожнага маладога чалавека ёсць магчымасці для таго, каб паспяхова развівацца і займацца любімым відам спорту, трэба толькі гэтага захацець і шмат працаваць. Цікавую сустрэчу дзяцей з трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па спартыўнай хадзе Віктарам Гардзеевічам Гінько арганізавалі і правялі дырэктар сярэдняй школы № 1 Сяргей Рафаілавіч Ганебны і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Таццяна Мікалаеўна Зубовіч.