Выстава “Дарогамі афганскай вайны” дзейнічае на базе выставачна-выхаваўчага цэнтра “Спадчына” Шаркаўшчынскай СШ № 2

Актуальное

Настаўніца Наталля Груздова праводзіць экскурсію для старшакласнікаў
Настаўніца Наталля Груздова праводзіць экскурсію для старшакласнікаў

Педагагічныя работнікі ў сваёй працы шмат увагі надаюць патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Менавіта выхаванне патрыятызму школьнікаў праз вывучэнне і захаванне гістарычнай спадчыны стала адной з мэт дзейнасці выставачна-выхаваўчага цэнтра “Спадчына” сярэдняй школы № 2. Ён спалучае ў сабе доследную, асветніцкую і выхаваўчую функцыі.
— Наш цэнтр быў адкрыты ў 2004 годзе, калі гарадскому пасёлку споўнілася 500 год, — кажа настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Наталля Вячаславаўна Груздова. — Ён быў створаны для афармлення экспазіцый і правядзення выстаў па асноўных накірунках выхаваўчай работы. Тут размешчаны як пастаянна дзеючыя, так і часовыя выставы: “Беларуская хатка”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Гісторыя Шаркаўшчыны ў малюнках”, “Гісторыя школы”, “Настаўнікі-ветэраны”, “Заказнік “Ельня”. У мінулым годзе аформлена выстава “Дарогамі афганскай вайны”. Настаўнікі і вучні школы год за годам збіралі дакументальныя матэрыялы, звесткі, рэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў, праводзілі гутаркі з удзельнікамі баявых дзеянняў у Афганістане, запісвалі ўспаміны іх родных.
Вайна — гэта смерць, гора, слёзы маці. Мы хацелі стварыць максімальна аб’ектыўную карціну гэтай “неаб’яўленай вайны” 1979—1989 гадоў. Разам аналізавалі, што пісалі пра баявыя дзеянні ў Афганістане савецкія і замежныя сродкі масавай інфармацыі, як адносіліся да рускіх салдат афганцы: мірнае насельніцтва гэтай паўднёвай краіны і ўдзельнікі бандфарміраванняў. Важным для нас было зразумець, як успрымалі вайну савецкія васямнаццацігадовыя юнакі, якія трапілі за мяжу, у незнаёмую краіну, на чужыну. Бо менавіта тут яны пазналі цану жыцця, сяброўства і воінскага братэрства.
Вялікую дапамогу ў зборы матэрыялаў аказалі воіны-афганцы. У прыватнасці, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Савіч Протас. Для экспазіцыі ён прынёс свае пісьмы з вайны, адрасаваныя бацькам і родным, характырыстыкі, камсамольскі і партыйны білеты, падзякі вайсковага камандавання за бездакорную службу. Падарыў Васілій Савіч музею і салдацкі кіцель з фуражкай. Цікава, што ва ўнутраным кармане кіцеля захаваўся білет на цягнік Ашхабад—Масква, на якім шаркаўчанін вяртаўся пасля дэмабілізацыі з Афганістана.
Настаўніца працы і мастацтвазнаўства Таццяна Генадзьеўна Гернат разам з вучнямі сваімі рукамі стварылі контурны макет Афганістана са штучным горным рэльефам, далінамі рэк і цяснінамі. На макеце адзначаны гарады, “гарачыя кропкі”, дзе служылі і ваявалі шаркаўшчынскія воіны-інтэрнацыяналісты.
Радуе тая акалічнасць, што падчас экскурсій вучні малодшых, сярэдніх класаў, старшакласнікі ўважліва слухаюць аповед экскурсавода, падрабязна цікавяцца некаторымі момантамі, задаюць шматлікія пытанні па азначанай тэме. Выстава пакрысе папаўняецца новымі экспанатамі, а значыць, экспазіцыя стане больш шырокай і яшчэ больш цікавай.
Сяргей РАЙЧОНАК.