Інфармуе РАНС: да вясенняй паводкі трэба рыхтавацца ўжо цяпер

Служба 101

IMG_5277Вясенняя паводка — гэта іспыт для жыхароў прыватнага сектара, а таксама для сельгаспрадпрыемстваў. Галоўнае тут, быць гатовым нават да самай крытычнай сітуацыі. Трэба мабілізаваць усе сілы і сродкі, правесці шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў, што дазволіць мінімізаваць негатыўныя наступствы “вялікай вады”.

Як кажуць у народзе, вясна ўжо не за гарамі. Таму падрыхтоўчыя работы трэба праводзіць ужо сёння.

Хочацца звярнуцца да жыхароў гарадскога пасёлка і раёна. Паважаныя грамадзяне, не чакайце моманту падтаплення, прыміце меры па яго недапушчэнні. Па магчымасці расчысціце падворак ад снегу, пракапайце каналы для адвядзення вады, правядзіце прачыстку забітых смеццем прапускных труб і трубапераездаў каля сваіх дамоў. Можа нават спатрэбіцца знос драхлых пабудоў, каб не ствараліся перашкоды для праходжання талай вады. Прыклаўшы максімальныя намаганні, можна значна зменшыць урон ад паводкі, а ў некаторых выпадках наогул пазбегнуць падтаплення. Дарэчы, гаспадарам дамоў, іншых пабудоў, якія знаходзяцца ў зоне магчымага падтаплення, рэкамендуем застрахаваць сваю маёмасць.

У райцэнтры месцы, дзе даволі высокая рызыка падтаплення, вядомы ўсім. Гэта вуліцы Чырвоная Горка, Вадап’янава (раён каля Свята-Успенскай царквы), Будзёнага, Дзяржынскага, Берагавога. Ад расталага снегу, здараецца, церпяць жыхары вуліцы Чэхава і завулка Народны, іншых вуліц і завулкаў.
Прыняўшы ўсе меры па недапушчэнні нанясення вялікага ўрону, трэба разумець, што зусім абмінуць паводку не ўдасца. Падраздзяленні Шаркаўшчынскага РАНС гатовы да любога варыянту развіцця сітуацыі. Апошнімі тыднямі прымаюцца захады па мінімізацыі наступстваў стыхіі. Падрыхтаваны спецтранспарт і спецсродкі, якія могуць спатрэбіцца. Распрацаваны і зацверджаны схемы эвакуацыі гаспадароў тых дамоў, да якіх можа падысці вада. Праводзяцца тлумачальныя гутаркі з жыхарамі, дамы якіх знаходзяцца ў зоне рызыкі падтаплення.

Хочацца таксама даць некалькі парад і для грамадзян, дамы якіх не трапляюць у зону падтаплення. Гарантый, што пры хуткім раставанні снегу ў падворку не будзе скаплення вады, вельмі мала. Таму абавязкова трэба прадугледзець такую сітуацыю: своечасова вынесці з падвалаў, склепаў гародніну, прадукты. У памяшканнях з рызыкаў падтаплення нельга карыстацца электрапрыборамі, уключаць электрычнае святло. Трэба сачыць за узроўнем вады ў падвальным памяшканні, прыняць меры па адпампоўванні вады з падвалаў, склепаў уласнымі сіламі: з дапамогай падручных сродкаў або з выкарыстаннем электрапомпаў тыпу “Ручаёк”.

М. МАРКУШОНАК,

старшы інжынер Шаркаўшчынскага РАНС.

IMG_5264 IMG_5267 IMG_5274