Заканчваецца апошні месяц зімы. Некаторым здаецца, што яна цягнецца павольна і марудна. А вось для працаўнікоў вёскі, аграрыяў, наадварот, перыяд ад заканчэння палявых работ і да іх пачатку пралятае хутка. Пройдзе зусім мала часу, і яны выведуць сваю тэхніку ў поле. А цяпер механізатары даводзяць да ладу трактары, глебаапрацоўчыя агрэгаты, прычапны інвентар, каб без прамаруджвання, як толькі дазволіць надвор’е, пачаць вясеннюю сяўбу.
У цэнтральных механічных майстэрнях ААТ “Агратэхсэрвіс” у літаральным сэнсе работа кіпіць. Механізатары пасля працоўнага водпуску, які звычайна прыпадае ў кожнага на зіму, рамантуюць сваю тэхніку. Не адзін дзясятак чалавек у працоўным рытме завіхаецца, заняўшыся справай. Адны перабіраюць рухавікі, другія праводзяць электрагазазварачныя работы, трэція займаюцца рамонтам сеялак, некаторыя рыхтуюць счэпкі з баронамі. Карацей кажучы, ніхто без справы не сядзіць, дарэмна марнуючы час. У мехмайстэрні мы сустрэліся і з кіраўніком сельгаспрадпрыемства Міхаілам Барысавічам Кавалёнкам. Дырэктар гаспадаркі зацікаўлены ў паскарэнні тэмпаў рамонтных работ, ведае, якія запчасткі для якой тэхнікі і каму патрэбны.
— Тэхніка і глебаапрацоўчыя агрэгаты ў нашай гаспадарцы падрыхтаваныя на 80 працэнтаў, — паведаміў нам дырэктар сельгаспрадпрыемства. — У механічных майстэрнях рамонтныя работы ідуць кожны дзень, працы хапае для ўсіх. На вясенняй сяўбе ў гаспадарцы будуць задзейнічаны шэсць адзінак энерганасычаных трактароў МТЗ-3022 і 3522, тры К-744, два К-701, таксама менш магутныя трактары. Сяўбу яравых культур будзем весці адной шыроказахопнай 12-метровай сеялкай Амазон, двума шасціметровымі агрэгатамі АПП6-А, АПП6-Д і адным трохметровым агрэгатам Лемкен.
Шмат цяжкасцей узнікае з набыццём запасных частак. Кошт на іх вельмі высокі, а грашовых сродкаў амаль няма. Аднак, дзякуючы старшыні райвыканкама Дзмітрыю Міхайлавічу Ламака мы змаглі набыць патрэбныя запчасткі для агрэгатаў “Раса” і “Дзвіна”. На сённяшні дзень яны знаходзяцца на лінейцы гатоўнасці. Цалкам адрамантаваны шасціметровыя пасяўныя агрэгаты і трактары да іх. Напрыклад, механізатар Валерый Фёдараў, які з мінулага года працуе на новым К-744 у счэпе з сеялкай Амазон, зімой давёў да ладу замацаваную за ім тэхніку, а таксама адрамантаваў яшчэ і пасяўны агрэгат АПП6-А.
Эдвард Магалінскі больш чым 15 год працуе на МТЗ-82. За гэты час ніякіх сур’ёзных паломак у трактары не было. Толькі вось сёлета прыйшлося замяніць каленчаты вал у рухавіку. Але для вопытнага механізатара гэта дробязь. Трактар праз лічаныя дні будзе ў спраўным стане.
Са станоўчага боку характарызуецца адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Анатолій Грыгаровіч. Заўсёды ў спраўным стане замацаваны за ім КЗР-10. І гэта нягледзячы на тое, што тэхніцы ўжо 16 год. Цяпер Анатолій рамантуе сеялку Лемкен.
З-за вялікага кошту за “капіталку” рухавікоў на Віцебскім маторарамонтным заводзе, куды мы здалі толькі адзін рухавік, сёлета рамантуем іх сваімі сіламі і сродкамі. Гэта для нас значна танней і выгадней.
Па ўсім бачна — у гэтай гаспадарцы дбаюць пра ўраджай 2019 года. Бо калі сам кіраўнік сельгаспрадпрыемства кожны дзень знаходзіцца побач з работнікамі ў механічных майстэрнях, то вынік агульнай працы абавязкова будзе станоўчым.
Сяргей РАЙЧОНАК.



