
Вялікае мерапрыества адбудзецца ў дзень Святога Яна Хрысціцеля ў мястэчку Германавічы, якому больш за 400 год. Там 23 чэрвеня праводзіцца раённае свята Купалле (па каталіцкаму календару).
Мерапрыемства распачнецца ў 17 гадзін на галоўнай пляцоўцы каля маста праз раку Дзісна. Прысутныя больш дэталёва даведаюцца аб паходжанні мястэчка, яго гістарычнай мінуўшчыне, знакамітых людзях.
Затым у 20 гадзін у рымска-каталіцкім касцёле Перамянення Пана пройдзе святая Імша. Пасля яе заканчэння святочная працэсія з касцёла прыйдзе зноў на пляцоўку. Ксёндз Ян раскажа пра святкаванне Купалля, пра яго традыцыі. Разам усе праспяваюць святочныя песні.
Работнікі раённага метадычнага Цэнтра разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці аграгарадка арганізуюць тэатралізаванае прадстаўленне, выступіць народны фальклорны калектыў “Купалінка” з Каўшэлева. Пакуль усе будуць весяліцца на пляцоўцы, закаханыя могуць пашукаць сваю папараць-кветку.
Усё робіцца з той мэтай, каб людзі культурна і з задавальненнем адпачылі.
Кацярына СОСНА
