
Паміж Шаркаўшчынскім раённым выканаўчым камітэтам, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённым саюзам наймальнікаў падпісана трохбаковае пагадненне. Яго падпісалі 22 сакавіка Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, Ігар Віктаравіч Малюгін і Эдвард Эдвардавіч Вялічка.
Ключавы дакумент сацыяльнага партнёрства будзе дзейнічаць на працягу 2019—2021 гадоў. Бакі пагаднення ствараюць дадатковыя ўмовы для эканамічнага развіцця раёна, забеспячэння сацыяльна-працоўных, эканамічных і прававых гарантый работнікаў арганізацый усіх форм уласнасці.
— Пагадненне складзена з улікам гарантый у дачыненні вызначаных катэгорый працоўных грамадзян, — патлумачыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін. — Пералік гарантый пашыраны. Забеспячэнне іх мінімуму абавязкова для наймальнікаў, а выкананне ў поўным аб’ёме залежыць ад фінансавых магчымасцяў канкрэтных арганізацый.
Прадугледжаны нормы для работнікаў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей; развіцця сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў; стымулявання работнікаў, якія павышаюць прафесіянальныя навыкі; закрануты тут пытанні занятасці, працаўладкавання моладзі, асоб з абмежаванымі магчымасцямі, жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей.
У цэлым, пагадненне — аснова для заключэння калектыўных дагавораў у арганізацыях. Яго нормы з’яўляюцца абавязковымі на тэрыторыі раёна і не могуць быць зменены ў бок зніжэння сацыяльнай і эканамічнай абароненасці работнікаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Алены АНАНІЧ.