У Германавічах прайшоў семінар бібліятэчных работнікаў раёна

Актуальное

дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС А. Ц. Фромертас (справа) узнагароджвае бібліятэкара Т. Г. Хоміч
дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС А. Ц. Фромертас (справа) узнагароджвае бібліятэкара Т. Г. Хоміч

У кожнага з нас свая малая радзіма, тое месца, дзе з’явіўся на свет, зрабіў першыя крокі, свядома абраў сваю жыццёвую дарогу. Гэтай тэме быў прысвечаны семінар бібліятэчных работнікаў раёна, які адбыўся ў сакавіку на базе Германавіцкай бібліятэкі-філіяла № 13 і меў назву “Роднаму краю — часцінку душы прысвячаю”. Адметным стала і тое, што Германавіцкая бібліятэка ў гэтым годзе адзначае 100-гадовы юбілей. Акрамя супрацоўнікаў Шаркаўшчынскай ЦБС на семінар былі запрошаны і мясцовыя жыхары: былы бібліятэкар Германавіцкай бібліятэкі Ірына Віктараўна Абламава, мясцовы краязнаўца Кліменцій Арсеньевіч Кожан і былы настаўнік Германавіцкай сярэдняй школы Іван Аўгусцінавіч Мядзелец.

У пачатку семінара бібліятэкару Таццяне Генадзьеўне Хоміч быў уручаны дыплом за актыўную работу па папулярызацыі роднай мовы, краязнаўства і ў сувязі з юбілеем бібліятэкі.

Кліменцій Арсеньевіч Кожан у сваім далёкім дзяцінстве бачыў Язэпа Драздовіча. Ён расказаў пра асобу мастака і этнографа, затым асобна спыніўся на гісторыі стварэння і дзейнасці культурна-асветніцкага таварыства “Заранка” ў 1919 годзе, бо менавіта тады была заснавана бібліятэка з ахвяраваных выданняў, і падтрымлівалася яна на сродкі таварыства.

Прадоўжыла размову былы бібліятэкар Ірына Віктараўна Абламава, якая ўспомніла гады сваёй працоўнай дзейнасці, павіншавала з юбілеем і падарыла Таццяне Генадзьеўне памятны сувенір.

Кульмінацыйным момантам семінара стала прэзентацыя кнігі Івана Аўгусцінавіча Мядзельца “Я люблю тебя, Ельня! Непутевые заметки экотуриста”. Іван Аўгусцінавіч — чалавек, які за сваё жыццё абышоў мясцовае балота ўздоўж і ўпоперак, пабываў на берагах усіх азёр, вывучыў раслінны і жывёльны свет. Ён цікава прадставіў прысутным сваю кнігу, а затым правёў займальную віктарыну.

У Год малой радзімы тэма краязнаўства з’яўляецца вельмі актуальнай, з яе дапамогай можна пашырыць свае веды пра родны край, пазнаёміцца з яго гісторыяй, славутымі землякамі, літаратурным краязнаўствам і культурнай спадчынай.

А. АНДРЭЕВА,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС.