12 красавіка на тэрыторыі Шаркаўшчынскай СШ № 1 праходзіў раённы злёт-конкурс сярод атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Асноўная мэта правядзення падобных мерапрыемстваў – прафілактыка дзіцячага траўматызму на дарогах. Яго арганізатарамі па традыцыі выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама, аддзяленне ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС і раённы камітэт БРСМ. Для ўдзелу ў раённым этапе спаборніцтваў свае атрады ў гэтым годзе прадставілі 6 навучальных устаноў раёна: Германавіцкая, Лужкаўская, Іёдская і Більдзюжская сярэднія школы, Шаркаўшчынская СШ № 1 і № 2.
Удзельнікам злёту-конкурсу неабходна было пацвердзіць тэарэтычныя веды правілаў дарожнага руху, праявіць уважлівасць у адносінах да сітуацыі на дарогах, успомніць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, а таксама прадэманстраваць свае творчыя і сцэнічныя здольнасці падчас выступленняў на этапе агітацыйна-мастацкіх прадстаўленняў. Адным з этапаў спаборніцтваў стала практычнае заданне, у час правядзення якога канкурсанты пераадольвалі на веласіпедах традыцыйную паласу перашкод і дэманстравалі “фігурнае” ваджэнне веласіпеда.
Энтузіязм, зацікаўленасць і волю да перамогі праявілі ўсе ўдзельнікі дарожнага руху. А мацнейшымі ў гэтым годзе сталі атрады юных інспектароў дарожнага руху з Германавіцкай сярэдняй школы, якія заваявалі 3 месца, Шаркаўшчынскай СШ № 1 – 2-е месца. Абсалютнымі пераможцамі раённага этапа спаборніцтваў у 2019 годзе сталі вучні Шаркаўшчынскай СШ № 2. Судзейская камісія ўручыла прызёрам і пераможцам дыпломы і салодкія падарункі. Згодна з умовамі конкурснай праграмы асобна былі адзначаны і лепшыя спартсмены — пераможцы конкурсу “фігурнае” ваджэнне веласіпеда ў асабістым заліку. Лепшы вынік у гэтым складаным выпрабаванні конкурснай праграмы прадэманстравалі прадстаўнікі каманды пераможцаў: вучаніца 6 класа Шаркаўшчынскай СШ № 2 Ксенія Заяц і вучань 9 класа гэтай жа навучальнай установы Аляксандр Багданаў. А ў складзе каманды Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2, якая заваявала ў гэтым годзе перамогу, выступілі вучні 5,6, 9 і 10 класаў: Елізавета Странчэўская, Ксенія Заяц, Дзяніс Бондар, Павел Тарарака, Аляксандр Багданаў, Аляксандра Александровіч, Артур Валяўка і Ульяна Грыдзюшка. Напрыканцы конкурснай праграмы начальнік аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС В. А. Міласердаў шчыра падзякаваў усім удзельнікам за відовішчнае і захапляльнае мерапрыемства, пажадаў ім і надалей прытрымлівацца правілаў дарожнага руху,а таксама быць станоўчым прыкладам для іншых грамадзян.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

























