1 мая ў раённым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная святу Працы і вясны, 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі. У глядзельнай зале сабраліся лідары прафсаюзных арганізацый, работнікі прадпрыемстваў і ўстаноў гарадскога пасёлка і раёна.
Для ўсіх прысутных у танцавальнай зале была прадстаўлена выстава тартоў, выпечаных членамі пярвічных прафсаюзных арганізацый пад назвай “Вясна! Прафсаюз! Першамай!”. Усе, хто прыняў удзел у прыгатаванні гэтых шыкоўных кандытарскіх вырабаў, не проста прадэманстравалі іх, а яшчэ і правялі так званую абарону выпечкі ў вершаванай форме. Тут жа можна было і пакаштаваць гэтыя прысмакі.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі павіншаваў прысутных са святам Працы і юбілеем прафсаюзнага руху нашай краіны. Ён падкрэсліў, што Першамай заўсёды быў і застаецца сімвалам дабра, міра і адзінства. Юрый Анатольевіч пажадаў прафсаюзным лідарам заўсёды стаяць на варце абароны правоў і інтарэсаў працоўных людзей.А ўсім прысутным ён пажадаў працоўных поспехаў, добрага настрою і сонечных дзён.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін таксама далучыўся да віншаванняў. Ён расказаў пра гісторыю станаўлення і развіцця прафсаюзнага руху Беларусі, пра сённяшні дзень самай буйной грамадскай арганізацыі краіны.
На свяце Ігар Віктаравіч Малюгін уручыў Падзякі раённага аб’яднання прафсаюзаў ветэранам працы, якія ў розныя гады былі старшынямі прафсаюзных арганізацый. Узнагароды атрымалі Гедыён Буйка, Галіна Лялека, Зінаіда Касарэўская, Аліна Латышонак, Таіса Ладзіс, Галіна Шарыпа, Марыя Кажура, Леанід Раманоўскі, Ларыса Чарняўская і Леаніда Грыцкевіч.
А якое ж свята без добрай музыкі і песень? Работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і раёна дарылі свой бадзёры настрой гледачам. Працяглыя апладысменты публікі гучалі пасля кожнага канцэртнага нумара, асабліва, калі на сцэну па чарзе выходзілі дзіцячыя калектывы раённага Цэнтра культуры. Вясёлыя і шчырыя дзіцячыя ўсмешкі і звонкія галасы хлопчыкаў і дзяўчынак разносіліся па зале. Свята атрымалася незабыўным, напоўненым веснавым сонечным цяплом і пазітывам.
Сяргей РАЙЧОНАК.