Усё жыццё сумленна працуе на роднай зямлі Мікалай Паўлавіч Якімовіч

Сельское хозяйство

905Што самае дарагое для кожнага чалавека? Несумненна, маці і Радзіма. Родная зямля — гэта калыска жыцця, крыніца натхнення. Любоў да малой радзімы ёсць у сэрцы кожнага з нас. Проста хтосьці адчувае гэта вастрэй і глыбей. Іншыя ж у мітусні паўсядзённага жыцця не задумваюцца пра гэта.

Мікалай Паўлавіч Якімовіч нарадзіўся ў вёсцы Іванава Германавіцкага сельсавета ў самым пачатку мая. Наваколле патанала ў квецені садоў, надвор’е стаяла па-вясенняму сонечнае і цёплае. Зямля, прачнуўшыся ад зімовага сну, апранала на сябе зялёную коўдру траў, галіны дрэў пакрыліся маладым лісцем.

Ёсць штосьці нябачнае, не кожнаму зразумелае, што чалавека пры нараджэнні прыцягвае да таго месца, дзе ён з’яўляецца на свет. Некаторыя людзі ўжо ў дарослым жыцці як мага часцей вяртаюцца зноў і зноў туды, дзе рабілі свае першыя крокі, адкуль пайшлі ў свет. Іншыя ж, наадварот, назаўсёды застаюцца жыць на сваёй малой радзіме, бо лепшай долі не шукаюць удалечыні ад бацькоўскіх мясцін.

Так і Мікалай Паўлавіч за 70 год свайго жыцця не здрадзіў роднай вёсачцы. Маўляў, лепшых мясцін не знайсці, чым тут, дзе быў ускалыханы матуляй і выхаваны бацькам.

— З маленства палюбіў тэхніку, — успамінае Мікалай Паўлавіч, — ужо ў 14 год пайшоў працаваць прычэпшчыкам у калгас на гусенічны трактар ДТ-54. Усе жылі ў той час не багата, трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, зарабляць грошы. Крыху пасталеўшы, закончыў курсы трактарыстаў у Шаркаўшчыне і атрымаў пасведчанне. З таго часу вось ужо больш чым 50 год працую на тэхніцы, у асноўным, на гусенічных трактарах. Наогул, за гэты час даводзілася шчыраваць на “сталёвых конях” усіх марак, якія былі ў гаспадарцы. Да таго ж яшчэ і грамадскую работу выконваў: на працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй прафсаюзнага камітэта калгаса імя Калініна.

Вельмі ганаруся сваімі сынамі. Яны выраслі сапраўднымі мужчынамі, сталі дастойнымі і паважанымі людзьмі. А для мяне, як для бацькі, гэта і ёсць сапраўднае шчасце. Старэйшы Васілій працуе вадзіцелем у сельгаспрадпрыемстве “Ельня-Агра”. З году ў год займае лідзіруючыя пазіцыі на раённых спаборніцтвах сярод вадзіцеляў і механізатараў, задзейнічаных на вясенне-палявых, корманарыхтоўчых і зернеўборачных работах. Міхаіл ужо на працягу сямі год узначальвае сельгаспрадпрыемства. Шчырай і сумленнай працай вывеў гаспадарку ў лік перадавых у раёне. На добрым рахунку “Ельня-Агра” знаходзіцца і ў вобласці. Трэці сын Мікалай працуе ў акцыянерным таварыстве ў будаўнічай брыгадзе.

Радуюць сэрца і любімыя ўнукі, а іх у мяне чацвёра. Вось якая ў мяне вялікая і дружная сям’я, дзе кожны разумее адно аднаго, дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі, радуецца поспехам і дасягненням.

Не скараецца ўзросту Мікалай Паўлавіч, не падуладна гадам яго душа. Вось ужо 15 год ён пенсіянер. Але, атрымаўшы права на заслужаны адпачынак, мужчына ніводнага дня не сядзеў дома, заўсёды крочыў на працу. Вось і цяпер сваё 70-годдзе ён сустракае на рабочым месцы. Мікалай Паўлавіч працуе на бульдозеры ДТ-75. На “выдатна” спраўляецца з кіраваннем і аднакаўшовага экскаватара. Яго ўмелыя і працавітыя рукі па-ранейшаму вельмі запатрабаваныя ў гаспадарцы. І сам ён без працы не ўяўляе сябе. Маўляў, пакуль дазваляе здароўе, пакуль ёсць сілы, не пакіне ён механізатарскую справу і родную гаспадарку.

Вось на такіх сумленных людзях і трымаецца наша краіна. І не трэба шукаць сваё шчасце па-за межамі бацькаўшчыны, удалечыні ад радзімы. Няма мілей і даражэй сэрцу таго куточка, дзе нарадзіўся і якому прысвяціў усё сваё жыццё. У гэтым цвёрда ўпэўнены Мікалай Паўлавіч Якімовіч.

Сяргей РАЙЧОНАК