3 мая юбілейны дзень нараджэння адзначыў шаркаўшчынскі мастак Віктар Фёдаравіч Крук

Актуальное

IMG_1552 (Копировать)3 мая вядомы шаркаўшчынскі мастак Віктар Фёдаравіч Крук адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Ён нарадзіўся і вырас на Магілёўшчыне і  ўжо звыш   45 гадоў жыве і працуе ў нашым гарадскім пасёлку.

Мастак  вырас у вялікай сям’і, дзе акрамя яго выхоўвалася яшчэ 8 дзяцей. Маляваннем  захапляўся з самага дзяцінства, таму і з выбарам будучай прафесіі сумненняў ніколі не было. Пасля заканчэння школы падаў дакументы на “мастацка-графічны факультэт” Віцебскага педінстытута, які паспяхова закончыў з “чырвоным “ дыпломам, што ў той час было дастаткова  вялікай рэдкасцю. Таленавітаму юнаку пасля інстытута прапанавалі застацца працаваць выкладчыкам на кафедры жывапісу, але ён у першую чаргу бачыў сябе ў творчасці,  таму і выбраў для сябе іншы шлях.

Пачынаў працаваць у сельскай школе на Магілёўшчыне, а потым, калі стварыў саю сям’ю, пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Шаркаўшчыну, на радзіму жонкі Ларысы Васільеўны Крук, з якой ужо 46 год разам.

Жыхары нашага невялікага рэгіёну добра ведаюць Віктара Фёдаравіча не толькі як выдатнага мастака і таленавітага творцу ў выяўленчым мастацтве, , але і як выкладчыка мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў , які ўжо тры дзясяткі гадоў перадае сваё майстэрства дзецям: вучыць іх маляваць, знаходзіць свой стыль,удасканальваць майстэрства.

Работа з дзецьмі Віктару Фёдаравічу вельмі падабаецца, па словах мастака,  для яго часам непрадказальны і цікавы працэс навучання дзяцей – гэта штодзённы штуршок наперад, магчымасць не спыняцца,  заставацца “у форме” і паступова развівацца самому,  бо немагчыма навучыць дзяцей таму, чаго ты не ўмееш сам. І, трэба сказаць, сёння многія шаркаўчане, якія ў свой час прывялі ў клас Віктара Фёдаравіча сваіх дзяцей, удзячныя гэтаму мастаку за выдатную  іх падрыхтоўку  ў школе мастацтваў. Многія выпускнікі Віктара Фёдаравіча з дапамогай вопытнага выкладчыка  ажыццявілі сваю мару і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы мастацкага профілю.

Ну а талент асобы, вядома, праявіўся і ў асабістай творчасці. Як было адзначана на шматлікіх выставах “усе карціны Віктара Фёдаравіча напісаны з вялікай любоўю, выпраменьваюць свет і дабрыню. На сваіх партрэтах і кампазіцыях мастак не проста ўдала пераносіць на холст знешняе аблічча і падабенства, але і духоўна напаўняе персанаж, дадае яму характар і індывідуальнасць. Усе работы Віктара Крука адрозніваюцца глыбінёй, выразнасцю, завершагнасцю вобразаў і кампазіцый” .

У многіх праваслаўных храмах нашага і іншых рэгіёнаў  знаходзяцца іконы, напісаныя нашым таленавітым земляком. Сярод яіх – некалькі ікон – партрэтаў  Канстанціна Жданава – святога зямлі шаркаўшчынскай.

Музеяў і мастацкіх галерэй, дзе прадстаўлены работы Віктара Крука, таксама даволі шмат . У іх ліку Нацыянальны мастацкі музей і музей Максіма Багдановіча ў Мінску,  фонд абласнога адзялення Саюза мастакоў  і прыватныя калекцыі ў ЗША, Германіі, Францыі, Польшы. У 2000 годзе работы мастака прымалі ўдзел у міжнароднай выставе-аукцыёне ў штаце Атланта (ЗША), у 2007 годзе – у міжнародным Рэпінскім пленэры і выставе на Украіне.

Шаркаўшчынскі мастак  кожны год удзельнічае ў разнастайных  пленэрах і выставах. А гэтым летам адкрыццё персанальнай выставы яго работ запланавана ў Віцебскім абласным мастацкім музеі.

З 1996 года Віктар Фёдаравіч уваходзіць у склад Беларускага саюза мастакоў. Ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны – 2014” нашаму земляку прысуджана за высокі прафесіяналізм, значныя асабістыя дасягненні ў галіне мастацтва, развіццё мастацкай творчасці, выхаванне падрастаючага пакаленне. А адной з самых апошніх і хвалюючых узнагарод для шаркаўшчынскага мастака стаў  медаль “Святога Канстанціна Жданава”, які 10 мая Віктару Фёдаравічу Круку  падчас урачыстасці ў нашым гарадскім пасёлку ўручыў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

Плённая творчая дзейнасць і  талент нашага  вядомага шаркаўшчынскага мастака атрымалі высокую ацэнку не толькі ў нашым Шаркаўшчынскім раёне , але і ва ўсёй краіне. Сам жа мастак працягвае плённа працаваць і па-ранейшаму вучыць дзяцей, усведамляючы той факт, што лепшыя свае творы многія сусветна вядомыя мастакі, у ліку якіх і Айвазоўскі,  пісалі  і пасля 80 гадоў  жыцця.

Віктар Фёдаравіч і Ларыса Васільеўна Крук выхавалі дваіх дзяцей, зараз у іх двое ўнукаў. Будучы чалавекам творчым, Віктар Фёдаравіч асабліва ганарыцца старэйшым сынам, які выбраў для сябе практычную, надзвычай адказную і вельмі няпростую прафесію урача-хірурга.   Разам з сям’ёй ён жыве ў Маскве і ўжо шмат гадоў займаецца практыкай, праводзіць складаныя аперацыі. А ў дзень юбілею ўсе родныя, калегі па працы, сябры і знаёмыя  шчыра павіншавалі Віктара Фёдаравіча з гэтай адметнай падзеяй у жыцці, пажадалі яму моцнага здароўя, творчых сіл і энергіі. А яшчэ працягваць займацца такой патрэбнай для землякоў  справай, дзякуючы якой прыгожыя краявіды, унікальныя помнікі архітэктуры і знакамітыя асобы  нашага невялікага  шаркаўшчынскага краю на доўгія гады  застануцца ў памяці людской, адлюстраваныя на палотнах таленавітага мастака.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_1543