7 мая віншаванні з нагоды свайго юбілею прымаў Мілецій Антонавіч Андзілеўка — былы дырэктар Лужкаўскай СШ

Общество

IMG_1766 (Копировать)Мілецій Антонавіч Андзілеўка. Імя гэтага чалавека ведаюць многія далёка за межамі нашага раёна. А звязана яно з Лужкаўскай сярэдняй школай, у якой Мілецій Антонавіч адпрацаваў 30 год, 13 з іх – у якасці  дырэктара.

Гэта многа або мала для жыцця дырэктара школы? Напэўна, для любога чалавека гэта не проста перыяд у жыцці, а вялікі шлях, на якім было нямала ўзлётаў і падзенняў, радасцяў і перамог і, канечне ж,  не самых светлых дзён. Як для кіраўніка школы для Мілеція Антонавіча  гэта былі гады пастаяннай і мэтанакіраванай работы па выхаванні  дзяцей, самаўдасканалення і фарміравання адзінай адукацыйнай прасторы, адзначаюць сёння былыя калегі па працы, якія расказалі таксама, што, працуючы дырэктарам, Мілецій Антонавіч заўсёды быў для сваіх настаўнікаў надзейнай апорай, чалавекам, які ў поўнай ступені праявіў і сваё педагагічнае майстэрства,  і лепшыя якасці адміністратара. Гэта  дазволіла педагагічнаму калектыву звычайнай вясковай школы вырасці ў дружную і з’яднаную каманду, здольную вырашаць любыя пытанні ў   навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

7 мая заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР, настаўнік біялогіі і хіміі, былы дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы Мілецій Антонавіч Андзілеўка адзначыў свой юбілейны дзень нараджэння.

-Пад яго кіраўніцтвам школа ў Лужках неаднаразова адзначалася як адна з лепшых школ краіны, а сам Мілецій Антонавіч, які ўзначальваў  гэту навучальную ўстанову з 1993 года , быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны,-адзначыў старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, які ў дзень 80-гадовага юбілею прыехаў да заслужанага настаўніка, павіншаваў яго са святам і за шматгадовую добрасумленную працу ў сферы адукацыі раёна ўручыў яму  Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага  райвыканкама і грашовую прэмію. Словы віншаванняў і свае найлепшыя пажаданні былому дырэктару Лужкаўскай школы ў гэты дзень такскама адрасавалі старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна Краснадубская, старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава, былая настаўніца Лужкаўскай школы Людміла Сцяпанаўна Садоўская, усе родныя,  былыя калегі , з якімі шмат гадоў адпрацаваў побач, удзячныя вучні.

Падчас слоў віншаванняў было адзначана, што за плячамі вопытнага педагога 46 гадоў агульнага працоўнага стажу, 30 з іх – у Лужкаўскай сярэдняй школе. Мілецій Антонавіч у свой час вельмі шмат зрабіў для таго, каб яго навучальная ўстанова стала адной з перадавых школ нашай краіны. У ліку памятных узнагарод заслужанага настаўніка не толькі медаль Францыска Скарыны, але  і ордэн “Знак Пашаны”,атрыманы ў 1981-м годзе ,  званні “Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР”, “Выдатнік народнай асветы” і “Выдатнік асветы СССР”.

Пад кіраўніцтвам Мілеція Антонавіча вучні Лужкаўскай школы разам з мясцовым лясніцтвам у лесе каля вёскі Ахватка адкрылі экалагічную сцежку, якая і сёння прываблівае дзяцей і ўсіх аматараў прыроды. Вялікую ўвагу былы дырэктар заўсёды надаваў экалагічнаму выхаванню вучняў, адкрыў Музей прыроды,  прывіваў дзецям любоў да працы. Гэтыя традыцыі і сёння беражліва захоўваюцца ў школе, якая заўсёды была для Мілеція Антонавіча неад’емнай часткай жыцця.

А ў дзень свайго юбілею, азіраючыся на пройдзены шлях, Мілецій Антонавіч  адзначыў, што за ўсе свае дасягненні заўсёды быў удзячны  і сваім вучням і настаўнікам, вялікаму моцнаму калектыву, дзякуючы плённай рабоце якога Лужкаўская школа  ва ўсе часы была на вышыні. А ў першую чаргу сваёй спадарожніцы жыцця, Надзеі Іванаўне Андзілеўка,разам з якой пражылі разам ужо 56 год. Мілецій Антонавіч шчыра ўдзячны жонцы і за сям’ю, і за падтрымку, якую заўсёды адчуваў і на якую ва ўсіх жыццёвых абставінах мог разлічваць. Разам муж і жонка выхавалі сына Валерыя, які стаў урачом і зараз пражывае ў Віцебску. Зараз у дзядулі і бабулі  трое ўнукаў і маленькая  праўнучка Елізавета. Гады пралятаюць імкліва і жыццёвая дарога не заўсёды была простай, але ўсё атрымалася так, як і павінна  было здарыцца.

З юбілеем вас, паважаны Мілецій Антонавіч! Доўгіх гадоў жыцця, поспехаў і сямейнага дабрабыту Вам і ўсім вашым родным!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_1782 (Копировать) IMG_1791 (Копировать)