У ААТ «Даватарскі» ўзнагародзілі перадавікоў пасяўной кампаніі

Сельское хозяйство

IMG_2460 (Копировать)Аграрыі ААТ “Даватарскі”, аднаго з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, завяршылі вясеннюю пасяўную кампанію. Агульная плошча зямель тут складае 12.040 гектараў. З іх ворыва — 7.228 га. Каб своечасова і якасна апрацаваць такія плошчы, патрэбна дастатковая колькасць тэхнікі і людскіх рэсурсаў. Пры шматлікіх цяжкасцях “даватарцы” паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі і своечасова закончылі сяўбу.

У гаспадарцы пасеялі 1.652 гектары яравых зерневых, 800 га рапсу, столькі ж кукурузы. У дзень засявалі плошчы па 100-120 гектараў.

— Тэхнікі не заўсёды хапала, бо глеба падсыхала амаль на ўсіх участках палёў адначасова, — кажа кіраўнік ААТ “Даватарскі” Мікалай Атопкін. — Таму перыядычна дапамогу аказвалі гаспадаркі нашага раёна, Глыбоцкая інтэграцыйная структура. Апошняя, дарэчы, выдзеліла нам сучасны культыватар КШП-10. Дзякуючы агрэгату, за дзень вялася дадатковая апрацоўка глебы пад сяўбу на плошчы звыш 100 гектараў.

Сёлета за вёскай Алашкі ва ўрочышчах Вілы і Капанка распрацавалі і ўвялі ў севазварот палі агульнай плошчай амаль 180 гектараў. Гэтыя землі не апрацоўваліся звыш дваццаці год. Там пасеялі яравыя культуры і травы. Добра папрацавалі з арганікай, якой на палі вывезена 32 тысячы тон. Засмучае толькі тое, што не ў дастатковай колькасці маем мінеральных удабрэнняў, неабходных для росту зерневых і зернебабовых культур. Тым не менш, не страчваем надзеі на добры ўраджай восенню.

15 мая Мікалай Атопкін, яго намеснік Алег Перхуровіч і старшыня прафкама гаспадаркі Ірына Ардынская павіншавалі механізатараў і вадзіцеляў з працоўнымі дасягненнямі, уручылі ім каштоўныя падарункі. Механізатары Дзмітрый Конюхаў і Аляксандр Драбовіч займаліся рамонтнымі работамі ў мехмайстэрнях аг. Пялікі. Таму віншаванні ад кіраўніцтва прымалі менавіта там. Загадчык механічнымі майстэрнямі аддзялення Васюкі і адначасова механізатар Іван Ермаловіч даводзіў да ладу свой МТЗ-3022, таму ўзнагароду перадавік сельгасвытворчасці прымаў непасрэдна каля свайго “сталёвага каня”. Тут жа, у Васюках, падзяку за шчырую працу атрымаў і адзін з лепшых механізатараў Сяргей Грузд.

Пасля мы трапілі на поле каля былой Слабадской СШ. Апрацоўкай глебы на “Кіраўцы” у счэпе з культыватарам КШП-10 тут займаўся Яўгеній Максімаў. Следам за ім сяўбу кукурузы на апошніх гектарах на МТЗ-3022 з агрэгатам АПП-6А вёў Мікалай Дарашчонак. Мужчыны, на некалькі хвілін спыніўшы сваю магутную тэхніку, атрымалі ўзнагароды за сваю працу.

Ва ўрочышчы Пячыннік, за вёскай Алашкі, падкормку КАСам

яравога рапсу на “Расе” праводзіў вадзіцель Віктар Шатыбелка.

— Гэта таксама наш перадавік, — сказала старшыня прафкама        Ірына Ардынская. — Ён у нас задзейнічаны і на ўнясенні мінеральных тукаў, хімічнай праполцы зерневых, і на аўтобусе таксама працуе.

Віктар быў прыемна ўражаны аказанай увагай, падзякаваў кіраўніцтву гаспадаркі і паабяцаў, што не будзе страчваць лідзіруючых пазіцый.

Падарунак атрымаў таксама і механізатар Пётр Чарняўскі, які ў той дзень засяваў поле ва ўрочышчы Капанка. Трактарыст хоць ужо і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але сваю механізатарскую справу кідаць не збіраецца. Свой вопыт ён перадае маладому пакаленню. Дарэчы, моладзі варта браць прыклад з гэтага чалавека. Тэхніка ў руках Пятра заўсёды ў выдатным стане. Напрыклад, сеялцы, на якой мужчына сёлета высяваў травы, ужо амаль дваццаць год. Тым не менш, яна не проста спраўная, але і выгляд мае такі, нібы толькі выпушчана з заводскага канвеера.

— Пабольш бы нам такіх сумленных і працавітых работнікаў як Пётр Чарняўскі, — зазначае намеснік дырэктара Алег Перхуровіч. — Тады мы абавязкова будзем займаць толькі лідзіруючыя пазіцыі і падчас пасяўной, і корманарыхтоўкі, і збожжаўборачнай кампаній.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_2418 (Копировать) IMG_2420 (Копировать) IMG_2422 (Копировать) IMG_2425 (Копировать) IMG_2427 (Копировать) IMG_2430 (Копировать) IMG_2434 (Копировать) IMG_2438 (Копировать) IMG_2440 (Копировать) IMG_2443 (Копировать) IMG_2446 (Копировать) IMG_2449 (Копировать) IMG_2455 (Копировать) IMG_2457 (Копировать) IMG_2461 (Копировать)