18 мая ў Германавічах прайшла “Ноч музеяў” з прэзентацыяй маршрута “Сцяжынкамі Драздовіча”
Маштабна, запамінальна і надзвычай цікава 18 мая прайшла міжнародная акцыя “Ноч музеяў” у Германавічах. Мясцовы мастацка-этнаграфічны музей, які з нядаўняга часу носіць імя Язэпа Драздовіча, сёлета далучыўся да дадзенай акцыі, прымеркаваўшы да гэтага дня шэраг мерапрыемстваў.
А пачаліся яны а сямнаццатай гадзіне з адкрыцця турыстычнага маршруту “Сцяжынкамі Драздовіча”. Дарэчы, пра яго мы паведамлялі чытачам газеты ў пачатку мая. Усе жадаючыя накіраваліся на аўтобусах па суседніх вёсках, дзе размешчаны турыстычна-інфармацыйныя банеры. Гэта найбольш адметныя населеныя пункты нашага раёна, дзе вандраваў, жыў і ствараў свае творы Язэп Драздовіч. Экскурсію па маршруце праводзіла кіраўнік аматарскага аб’яднання “Юныя экскурсаводы” Германавіцкай СШ Іна Пучынская і вучні школы. Па маршруце спыняліся ў вёсках Сталіца, Ляскова, Лужкі, затым зноў вярнуліся ў Германавічы. Канчатковай кропкай сталі мясцовыя могілкі, дзе пахавана маці Язэпа Драздовіча.
У 19 гадзін каля музея адбылося ўрачыстае адкрыццё свята “Язэп Драздовіч: спадчына, традыцыі, інавацыі”. Прысутных гасцей віталі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі, кіраўнік сацыяльна-інфармацыйнай установы “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” Надзея Дударонак і дырэктар Германавіцкага мастацка-этнаграфічнага музея імя Я. Драздовіча Людміла Навіцкая. Сёлета, дзякуючы ўдзелу ў праекце “Брэндзінг аг. Германавічы як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх”, арганізаваным сацыяльна-культурнай установай “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” і Германавіцкім мастацка-этнаграфічным музеем імя Я. Драздовіча пры фінансавай падтрымцы Амбасады ЗША ў Мінску, урачыста адкрыта адна з выставачных залаў, прысвечаная творчасці Драздовіча. Праект новай экспазіцыі і сучаснае абсталяванне былі створаны спецыялістамі арганізацыі “Мастак-сэрвіс” з г. Полацк, таксама як і банеры, усталяваныя на турыстычным маршруце “Сцяжынкамі Драздовіча”.
Арганізатары свята запрасілі на мерапрыемства людзей, якія ў мінулым стаялі каля вытокаў стварэння музея ў Германавічах. Ада Райчонак і Кліменцій Кожан яшчэ раз узгадалі, як пакрысе знаходзілі творы Драздовіча, прадметы даўніны нашых продкаў для стварэння экспазіцыі будучага музея. Працавалі ў архівах для пошуку дакументальнай інфармацыі. У многім дзякуючы менавіта іх карпатлівай працы цяпер у Германавічах існуе мастацка-этнаграфічны музей, а імя Язэпа Драздовіча вернута з забыцця.
На свята завіталі супрацоўнік аддзела інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША ў Мінску Галіна Паўлоўская, дырэктар прадпрыемства “Мастак-сэрвіс” Ігар Рудэня. Як і планавалася, у Германавічы прыехаў з Мінска загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага экалагічнага інстытута імя Сахарава Мікалай Плавінскі. Навуковец правёў прэзентацыю сваёй кнігі “Як жылі нашы продкі?” і аўтарскай работы “Асоба Язэпа Драздовіча ў гісторыі і культуры Беларусі”. У адной з залаў размяшчалася фотавыстава астранома Віктара Малышчыца “Беларусь у абдымках зор”. Ён працуе выкладчыкам Белдзяржуніверсітэта і захапляецца акрамя астраноміі яшчэ і фатаграфіяй. Віктар расказаў пра свае працы, а яшчэ прывёз з сабой і вялікі тэлескоп. Як толькі сцямнела і ў небе над Германавічамі заззялі зоркі, кожны жадаючы змог уласна паназіраць за Месяцам, за планетамі Сонечнай сістэмы.
Побач з музеем працаваў мабільны планетарый. Дарослыя тут убачылі фільм “Як нарадзілася Зямля?”, а для дзіцячай аўдыторыі дэманстравалі пазнавальныя мультыплікацыйныя фільмы.
На працягу амаль усяго вечара гучала музыка, свае песні і бадзёры настрой дарылі ўдзельніцы трыа “Натхненне” мясцовага Цэнтра культуры і народных традыцый.
Тыя ж, хто цікавіцца беларускімі народнымі рамёствамі, мастацтвам нашых продкаў, удзельнічалі ў майстар-класах майстроў з Глыбокага. Віктар Дудкевіч ужо многа год займаецца разьбой па дрэве, перадае свае навыкі маладым аматарам гэтага рамяства. Вось і ў Германавічах знайшлося нямала жадаючых уласнымі рукамі змайстраваць немудрагелістую цацку з дрэва, выслухаць парады майстра. А Святлана Скавырка правяла майстар-клас па маляванцы. Дарэчы, гэтым жа мастацтвам займаўся і Язэп Драздовіч. Дзеці, у асноўным дзяўчынкі, на спецыяльна падрыхтаваныя загатоўкі пэндзлямі наносілі рознакаляровыя фарбы. У выніку атрымліваліся прыгожыя мастацкія міні-кампазіцыі, якія кожны браў сабе на памяць.
Набыць сувенірную прадукцыю можна было і ў шаркаўшчынскіх майстроў. Свае вырабы прапаноўвалі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў і Дома ганчара. І канечне, смачна падсілкавацца кандытарскімі вырабамі і шашлыком можна было у палатках прадпрыемства “Саюзкаапгандаль” з Шаркаўшчыны.
Наогул, мерапрыемствы доўжыліся да самага змяркання. Час, праведзены ў Германавічах, праляцеў хутка і нябачна. Свята запомнілася ўсім, хто ў той дзень завітаў у музей.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Comments are closed.