«Жыць у клопатах цікавей,» — лічыць Галіна Лонская

Актуальное

Як уязджаеш у Германавічы з боку Вялікага Сяла, на перакрыжаванні дарог з левага боку стаіць звычайны вясковы дом. Нельга праехаць, каб не спыніць позірк на яго двары. Акрамя таго, што тэрыторыю ўпрыгожваюць кветкі, там яшчэ размешчаны і розныя садовыя скульптуркі.  Зусім нядаўна там стаяла скульптура пад назвай “Беларусачка”. Яна не знікла, проста “пераехала” ў будынак Цэнтра культуры і народных традыцый. З падворка, здаецца вось-вось узляціць ў неба журавель, схаваўся пад кустом парэчак грыб-баравік, хутка займе сваё месца ў агародзе гномік. Не раз я звяртала ўвагу на гэтыя творы мастацтва. А тут надарылася магчымасць сустрэцца з аўтаркай гэтых работ. Самадзейная мастачка Галіна Станіславаўна Лонская выпрабоўвае свае здольнасці ў такім відзе мастацтва. Нідзе гэтаму рамяству не вучылася, як кажуць, самавучка.
Галіна з дзяцінства любіла маляваць. Пэўны час працавала ў мясцовым Доме культуры мастаком-афарміцелем. У вольны ад асноўнай работы  час робіць каркас да прыдуманай фігуркі, а потым “варожыць” над ёю, каб атрымалася тое, што хацела зрабіць. Калі задуманае атрымалася, пакрывае тынкоўкай і размалёўвае ў патрэбны колер фарбамі.
Нехта скажа: дзівачка, ну і што ад гэтага мае? Задавальненне.
Гэта не адзінае захапленне жанчыны. Галіна Станіславаўна так размяркоўвае дзень, каб быў ён для яе плённым. Яна мае сталую працу, але справіўшыся з ёй (летам і восенню), спяшаецца ў лес.
Галіна Станіславаўна не толькі робіць нарыхтоўкі на зіму для сябе, а і збірае ягады, грыбы, каб папоўніць сямейны бюджэт.
— Лес — гэта мая стыхія, гэта маё другое захапленне, — расказвае жанчына. Я там душою адпачываю, падсілкоўваюся біяэнергіяй. Ягады ці грыбы збіраю — навокал цішыня і спакой, птушкі спяваюць. Лес дорыць салодкі водар паспелых ягад. Можна сказаць, што гэта таксама расслабленне і адпачынак.
А ягады можна рэалізаваць на выхадзе з лесу, там паркуюцца скупшчыкі прадукцыі. Цэны ў камерсантаў і кааператараў прыблізна аднолькавыя. Куды здаваць — справа густу. Многія аддаюць перавагу кропкам, якія месцяцца ў вёсцы, можна і ў сельскай спажывецкай краме.
Лясная праца не лёгкая. Трэба не толькі ведаць грыбныя і ягадныя месцы, а яшчэ пакланіцца кожнай ягадцы і грыбку. Каб зарабіць грошы — трэба папрацаваць.
— Атрымаю грошы, і рамонт у хаце зраблю, — радуецца жанчына.
Галіна Лонская жыве адна. Муж адышоў у свет іншы, а два сыны дарослыя, пракладваюць сабе дарогу ў жыццё самастойна. Насупраць дома Галіны ўзвышаецца касцёл. Вакол яго прыгожыя кветкі.  У іх доглядзе яна таксама прымае ўдзел. Жыць у пастаянных клопатах цікавей.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *