З прафесіяй прадаўца звязала свой лёс Анна Янушкевіч

Актуальное

Анна Янушкевіч абслугоўвае чарговага пакупніка

Практычна кожнаму шаркаўчаніну даводзіцца бываць на гарадскім рынку. Там ёсць магчымасць выбраць тавар па свайму густу і кожнаму хочацца, каб ён быў больш танным і якасным. А параўнаць ёсць з чым. Прылаўкі рынку запаланяюць экзатычныя замежныя прадукты, якімі гандлююць прадпрымальнікі. Трэба, каб і ў дзяржаўных магазінах была ім канкурэнцыя, так скажам, не менш хадавы тавар. Так яно і атрымліваецца. У адным з павільёнаў рынку размяшчаецца магазін агародніны і фруктаў райспажыўтаварыства. І загадвае ім мілавідная, ветлівая жанчына — Анна Ісаеўна Янушкевіч. Кожны дзень, акрамя панядзелка, там ёсць наведвальнікі. Асабліва ажыўлена бывае ў магазіне вясной і летам. Тады, калі на агародзе ў нашых прыватнікаў яшчэ нічога не вырасла, не саспела, а ў паўднёвых раёнах Беларусі ўжо смакуюць тыя ж клубніцы, агуркі, памідоры. Таму нездарма пакупнікі, якія імкнуцца набыць тавары айчыннай вытворчасці, ідуць у магазін райспажыўтаварыства.
Дастаткова сказаць, што Анна Ісаеўна за сезон прадала каля 1,5 тоны клубніц, столькі ж памідораў, агуркоў, капусты. Словам, выручка за мінулы месяц склала 60 мільёнаў рублёў.
Памяшканне магазіна невялікае і часта ствараюцца чэргі аж на вуліцу. Але загадчыца магазіна спакойна, разважліва імкнецца хутчэй абслужыць кліентаў, каб кожны выходзіў з пакупкай задаволены.
— Люблю сваю прафесію, — прызналася пры размове Анна Ісаеўна. — Амаль 30 гадоў аддала працы ў гандлі. Праўда, спрабавала некалькі папрацаваць у іншай сферы, але праз пару гадоў зразумела, што гэта не маё і зноў вярнулася ў гандаль.
Дзякуючы ўраўнаважанаму характару і адданасці выбранай прафесіі, А. І. Янушкевіч карыстаецца павагай і аўтарытэтам як сярод пакупнікоў, так і работнікаў райспажыўтаварыства.
У дзень прафісійнага свята хочацца пажадаць ёй здароўя, цярплівасці, сямейнага дабрабыту.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *