Нам працягу 8 гадоў Валянціна Юльянаўна Осіпава з’яўляецца прадаўцом 6 разрада магазіна “Прадукты” ў аграгарадку Германавічы. А ў сістэме спажывецкай кааперацыі жанчына працуе амаль 30 гадоў, з той самай пары, як пасля заканчэння Шаркаўшчынскай школы прадаўцоў вырашыла застацца ў родным раёне.
Разам са сваёй калегай Наталляй Арсеньеўнай Філіпёнак гераіня гэтага матэрыялу забяспечвае неабходнымі таварамі пакупнікоў з Германавіч, а таксама Дзікева, Сталіцы і Юзэфова. Жыхары суседніх населеных пунктаў даволі часта прыязджаюць за пакупкамі ў аграгарадок, дзе, па іх словах, можна знайсці тавары на любы густ.
І сапраўды, асартымент у магазіне “Прадукты” заўсёды вялікі, амаль усё, што неабходна ў паўсядзённым жыцці, можна набыць у гэтым гандлёвым аб’екце. Працуюць прадаўцы і па заяўках насельніцтва, часцей за ўсё карыстаюцца попытам тавары бытавой тэхнікі, будаўнічыя матэрыялы, веласіпеды. Так у мінулым месяцы насельніцтву было рэалізавана 10 халадзільнікаў. План, даведзены дзяржавай, заўсёды выконваецца, выручка ад рэалізаванай прадукцыі ў мінулым месяцы склала звыш 300 мільёнаў рублёў. У сучасных умовах жыцця вясковы магазін з’яўляецца моцным канкурэнтам тым камерцыйным структурам, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць непадалёку. А поспех у любой справе, яек вядома, забяспечваюць людзі.
“Валянціна Юльянаўна Осіпава — гэта цудоўны спецыяліст з вялікім вопытам, які выдатна ведае сваю справу і заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці за сваю працу, — упэўнены многія жыхары аграгарадка Германавічы, з якімі давялося пагутарыць у час наведвання магазіна.
— Гэта цудоўная жанчына заўсёды ўважлівая і ветлівая з пакупнікамі, калі неабходна, яна дапаможа вызначыцца з пакупкай. Хочацца пажадаць нашаму прадаўцу ў яе нялёгкай справе поспехаў і цярпення, дабрабыту і новых здзяйсненняў. Няхай і ў далейшым добры настрой ніколі не пакідае нашу Валянціну Юльянаўну, моцным будзе яе здароўе і ўсё ўдала складваецца ў жыцці.”
Застаецца толькі дадаць, што зусім нядаўна за шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё галін дзейнасці спажывецкай кааперацыі і ў сувязі з Днём кааперацыі Валянціна Юльянаўна Осіпава ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ