Сёлета раней, чым у мінулым годзе, сельгаспрадпрыемствы пачалі ўборачную кампанію. Гэтаму спрыяла засушлівае надвор’е. Але, на жаль, калі прыйшла пара ўбіраць збажыну, пачаліся дажджы. Непагадзь уносіць свае карэктывы на ход жніва 2019 года. Тым не менш, хлебаробы стараюцца скарыстаць любы пагодны час, каб без прамаруджвання вывесці камбайны ў поле.
У мінулую пятніцу мы наведалі механічныя майстэрні КУВСП імя Маркава ў аграгарадку Радзюкі. Тут знаходзіўся намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Юрый Захаравіч Лазарэц, які вырашаў вытворчыя пытанні, ставіў планы і задачы на працоўны дзень перад работнікамі. Завіхаліся камбайнеры каля сваіх камбайнаў. Кожны з іх дакладна ведае, дзе трэба замяніць той або іншы механізм, падкруціць гайку або болт, змазаць вал.
— Учора абмалочвалі азімую пшаніцу, — кажа камбайнер Станіслаў Странчэўскі. — Я набраў сем бункераў. Іншыя хлопцы таксама не адставалі — працавалі шчыра. Пасля абеду пайшоў моцны лівень, таму мы былі вымушаны спыніць уборку, вярнуцца ў мехмайстэрні. Спадзяёмся, што хутка зноў выедзем на ніву. А пакуль займаемся рамонтна-прафілактычнымі работамі на сваіх камбайнах. Мой КЗС-1218 працуе ўжо дзясяты сезон, часта выходзяць са строю механізмы. Але ж калі пільна сачыць за агрэгатам, своечасова мяняць запасныя часткі, то тэхніка будзе служыць яшчэ не адзін год.
Сёлета па гаспадарцы трэба ўбраць 1770 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Па стане на 29 ліпеня ўбрана 500 га. Сярэдняя ўраджайнасць складае 26,2 цэнтнера з гектара. Адпраўлена ў дзяржаўныя засекі 1308 тон збожжа ўраджаю 2019 года.
Гэту адказную задачу выконваюць камбайнеры Віталій Замбжыцкі, Станіслаў Странчэўскі, Дзмітрый Осіпаў, Віктар Катовіч і Станіслаў Гузак. За кожным камбайнам замацавана асобная тэхніка для адвозу збожжа. Гэту справу выконваюць Анатолій Валеўка, Раман Бука, Арцём Міхалевіч, Пётр Мядзюха і Аляксандр Кірэй.
Уборачная кампанія на дадзены момант у самым разгары. Хлебаробы плануюць завяршыць яе ў аптымальныя тэрміны, каб не страціць вырашчанае зерне, каб сваёй плённай працай прынесці карысць дзяржаве.
Сяргей РАЙЧОНАК.

