Першы камбайнер-тысячнік у раёне

Сельское хозяйство

667

Бясспрэчным лідарам на сёлетнім жніве, як і ў мінулыя гады, у Шаркаўшчынскім раёне з’яўляецца камбайнер ААТ “Даватарскі” Юрый Геронцьевіч Ардынскі. 28 ліпеня ў 22 гадзіны 30 хвілін ён намалаціў 1.000 тон зерня.

29 ліпеня павіншаваць перадавіка ў поле каля вёскі Грыблы прыехалі старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Валянцінавіч Струй, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт гаспадаркі. Яны ўручылі камбайнеру каштоўныя падарункі, грашовую прэмію, пажадалі далейшай плённай працы на сёлетнім жніве, а таксама з упэўненасцю крочыць да двухтысячнага рубяжа. А падставы для гэтага ёсць: вялікія плошчы азімых культур, хутка даспее яравая збажына.

Віншаванні прымаў і вадзіцель Віталій Якушаў, які задзейнічаны на адвозе зерня ад камбайнаў. Па стане на 29 ліпеня ён перавёз 623 тоны зерня. Гэта самы высокі паказчык не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

— Камбайн “New Holland”, на якім я працую другі сезон, не падводзіць у рабоце, — кажа Юрый Геронцьевіч. — Тэхніку я асвоіў, своечасова разам са спецыялістамі праводзім тэхнічнае абслугоўванне. За дзень у сярэднім намалочваю 220-250 тон. Ураджайнасць азімай пшаніцы на гэтым полі даходзіць да 40 цэнтнераў з гектара. Гэта нядрэнны паказчык для сёлетняга года, улічваючы той факт, што ў чэрвені не хапала вільгаці для росту зерня. Будзем шчыра працаваць — будзем з хлебам, будзем мець фінансавы прыбытак.

Пасля непрацяглай размовы хлебаробы занялі свае рабочыя месцы і рушылі на пшанічную ніву, каб, не губляючы часу, напаўняць бункеры камбайнаў спелым зернем.

Сяргей РАЙЧОНАК.