Пётр Кандрацьевіч Максімаў — генерал-маёр з Варонкі

Актуальное

Цікавы факт: вёска Варонка Іёдскага сельсавета дала Савецкай (а ў далейшым і беларускай) арміі болей за 10 афіцэраў. Сярод іх палкоўнік Савелій Рыгоравіч Максімаў, маёр Мяфодзій Іванавіч Максімаў, палкоўнік Іван Меркур’евіч Цялежнікаў, палкоўнік Міхаіл Кірылавіч Цярэнцьеў, маёр Сяргей Кірылавіч Цярэнцьеў, падпалкоўнік Аляксандр Нікандравіч Сямёнаў, капітан Дзмітрый Барысавіч Цярэнцьеў і іншыя. Паведаміў нам пра гэты цікавы факт Пётр Кандрацьевіч Максімаў. Сам Пётр Кандрацьевіч нарадзіўся ў Варонцы ў 1929 годзе. У 1949 годзе яго прызвалі ў Савецкую армію, і служба яго зацягнулася на 40 гадоў і 5 месяцаў. За гэты час ён прайшоў шлях ад радавога да высокага звання генерал-маёра. Можна сказаць, што ён стаў прыкладам для іншых маладых варонкаўцаў, якія таксама вырашылі звязаць свой лёс з арміяй. Служыць яму даводзілася як у Беларусі, так і ў далёкіх частках СССР (17 гадоў у Туркістанскай ваеннай акрузе). Заканчваў сваю службу старшынёй ЦК ДТСААФ Рэспублікі Беларусь. Цяпер Пётр Кандрацьевіч пражывае ў Мінску, а летам абавязкова наведвае сваю малую радзіму, прыязджае ў госці да пляменніцы Людмілы Седзюкевіч.
Сёння, 8 жніўня, Пётр Кандрацьевіч святкуе дзень нараджэння. Жадаем яму здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *