Як патрэбна працаваць у галіне жывёлагадоўлі, ведаюць у ААТ “Агратэхсэрвіс”

Сельское хозяйство

marigold

Як патрэбна працаваць у галіне жывёлагадоўлі, каб мець высокія прывагі БРЖ? Адказць на гэта пытанне мы папрасілі намесніка дырэктара па вытворчасці ААТ “Агратэхсэрвіс” Марыну Іосіфаўну   Хаданёнак.

— У першую чаргу працаваць трэба добрасумленна, з усёй паўнатой адказнасці адносіцца да даручанай справы, — адказала спецыяліст. — Як і ў любой рабоце, так і ў жывёлагадоўлі, асноўным тут зяўляецца чалавечы фактар.

Размова на гэту тэму ў нас завязалася, калі мы разам з Марынай Іосіфаўнай накіраваліся ў вёску Балбекі. Там на пашы выпасаецца гурт кароў герыфордаўскай пароды. Дарэчы, ААТ “Агратэхсэрвіс” — адзіная гаспадарка ў раёне, дзе вырошчваюць буйную рагатую жывёлу менавіта гэтай пароды. Упершыню дадзены від быў выведзены ў Англіі. Цяпер ён атрымаў распаўсюджванне ў многіх краінах свету. Вылучаецца прыстасаванасцю да розных умоў надворя, працягласцю ўтрымання на пашы. Вага дарослай асобіны можа дасягаць 1.300 кілаграмаў. Асноўнай асаблівасцю пароды з’яўляецца чырвонае мармуровае мяса. Яно ўтрымлівае вялікую колькасць унутрымышачнага тлушчу, які нагадвае мармуровы ўзор. Мяса з’яўляецца дэлікатэсам, а попыт на яго з кожным годам павялічваецца.

— Наша сельгаспрадпрыемства ўжо чацвёрты год мае статус мясной племянной гаспадаркі, — прадаўжае Марына Іосіфаўна. — Займаемся гадоўляй буйной рагатай жывёлы герыфордаўскай пароды. На цяперашні момант ёсць два гурты кароў і адзін гурт цялушак. У дадзеным статку, куды мы накіроўваемся, выпасаецца 152 каровы і 85 цялят. Сярэднясутачная прывага маладняка за ліпень месяц тут склала 635 грамаў. І гэта пры тым, што травастой на пашы далёка не самы лепшы. Тым не менш, жывёла з’ядае траву амаль цалкам. Каровы не дойныя, усё малако ідзе на кармленне цялятам, якія выпасаюцца з дарослым статкам ад моманту свайго нараджэння. Гэта спрыяе таму, што ў канчатковым выніку жывёла вырастае фізічна трывалай і загартаванай. Дарэчы, ужо каторы год запар аператарамі па вырошчванні маладняку (пастухамі) тут працуюць вельмі адказныя людзі, за якімі не трэба ажыццяўляць пільны кантроль. Сваю справу яны ведаюць дасканала. Гэта Андрэй Лагунёнак і Віктар Пачопка. Яны самі прымаюць ацёлы, ставяць нованароджаным цялятам біркі, робяць патрэбныя ветэрынарныя прышчэпкі.

— У жывёлагадоўлі я працую з 1992 года, — кажа нам Віктар Пачопка. — Спачатку працаваў на трактары, але ў складаны перыяд пасля распаду СССР, калі былі цяжкасці з выплатай заробку, разам з жонкай пайшлі працаваць на ферму. Спачатку цяжкавата было прывыкнуць да новай работы, бо хацелася зноў вярнуцца ў механізатары. Але, тым не менш, з цягам часу ўсё стала на свае месцы. Абавязкі свае ведаю дасканала, з цяжкасцямі дапамагае спраўляцца кіраўніцтва і спецыялісты сельгаспрадпрыемства. А яны ж, у сваю чаргу, цалкам давяраюць нам. Таму і вынікі нашай агульнай працы станоўчыя.

Сяргей РАЙЧОНАК.