У межах месячніка па бяспецы працы на жніве з 30 ліпеня па 5 жніўня былі праведзены праверкі зернесушыльных комплексаў. Аб выніках паведаміў Аляксандр Рудак, намеснік начальніка аддзела занятасці і сацыяльна — працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У ААТ “Агратэхсэрвіс”, “Васюкі”, “Ельня-Агра” не адпавядаюць тэхнічным патрабаванням рашоткі на завальных ямах: не замацаваны на петлях, не замыкаюцца на замок на зернесушыльных комплексах аддзяленняў Наваселле, Васюкі, Зорка. Адсутнічаюць рашоткі на завальных ямах зернесушыльных комплексаў ААТ “Даватарскі”, які арэндуе ААТ “Васюкі” і аддзялення Ручай ААТ “Агратэхсэрвіс”. Не праведзены інструктаж на рабочым месцы з работнікамі зернесушыльнага комплексу аддзялення Наваселле, уводны і пярвічны інструктаж на рабочых месцах з работнікамі, маладзейшымі за васямнаццаць гадоў на газавым зернесушыльным комплексе ААТ “Даватарскі”. Адсутнічаюць пярвічныя сродкі пажаратушэння, медыцынскія аптэчкі ў аддзяленні Ручай ААТ “Агратэхсэрвіс”, у журнале рэгістрацыі інструктажоў па ахове працы не ўказваюцца нарматыўныя дакументы, па якіх праводзіцца інструктаж, няправільна ўказваецца від яго (газавы зернесушыльны комплекс аддзялення Наваселле).
У ААТ “Васюкі” не абгароджаны нарыйныя прыямкі поручнямі вышынёй не менш за 1 метр на зернесушыльным комплексе Васюкі.
Прыемна тое, што ў ААТ “Княж” і КУВСП імя Маркава ніякіх парушэнняў не выяўлена, на зернесушыльных комплексах аддзяленняў Германавічы і Рассвет ёсць рашоткі на завальных ямах, вогнетушыцелі, медыцынскія аптэчкі. Праведзены інструктаж на рабочых месцах.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА
