
Перш чым трапіць на поле, дзе працуюць камбайны ААТ “Княж”, мы накіраваліся на збожжаток аддзялення Германавічы. Ярка свяціла сонца і жоўтым колерам пералівалася зерне, выгружанае на пляцоўку. Гэта столькі намалацілі камбайны, што не паспяваюць яго перапрацоўваць. Тут жа маладыя хлопцы пералапачваюць, падмятаюць, каб не псавалася ніводнае зярнятка.
— Дзейсную дапамогу аказваюць работнікам збожжатока студэнты, якія цяпер на канікулах, — знаёміць нас намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Вераніка Бародзіч. — Я тут да паўночы бываю і яны да дому не спяшаюцца, бо работы шмат і хочацца хутчэй з усім справіцца. Гэта Іван Ганебны — навучэнец Віцебскага кадэцкага вучылішча, Андрэй Мацяс — Полацкага аграрнага каледжа, Алег Глушонак — Віцебскага ляснога каледжа.
Старанна вядзе ўлік паступлення збожжа з поля вагаўшчык Франц

Іосіфавіч Урублеўскі. Раней ён загадваў збожжаскладам, дзе цяпер гэту пасаду займае Васілій Францавіч Шэнда. Франц Іосіфавіч ужо на пенсіі, але калі папросяць яго аб дапамозе, не адмаўляецца і працуе не лічычыся з уласным часам.
Тут жа пад’ехаў на Амкадоры механізатар Павел Яблонскі, які дапагае ў пагрузцы збожжа пры перамяшчэнні яго з аднаго месца ў другое, выконвае іншыя заданні.
А ў полі стракаталі камбайны. Завяршалася ўборка азімых зерневых культур. Там таксама вызначыліся свае героі жніва.
На 9 жніўня ў ААТ “Княж” убраны зерневыя культуры з плошчы 834 гектары. Ураджайнасць складае 30 цэнтнераў з гектара. Важна тое, што гаспадарка паспяхова справілася з планавымі паказчыкамі па здачы збожжа дзяржаве. У засекі адпраўлена 1186 тон .

Кацярына СОСНА
