Перадавы камбайнер ААТ «Даватарскі» Юрый Ардынскі зноў у лідарах не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Ён намалаціў 3000 тон зерня

Сельское хозяйство

IMG_0440 (Копировать)

На сёлетнім жніве ў гаспадарках раёна з’явілася многа камбайнераў-“тысячнікаў” і вадзіцеляў аўтамабіляў, якія перавезлі з поля на зернеток звыш тысячы тон збожжа. Бясспрэчным лідарам жніва 2019 года з самага яго пачатку з’яўляецца камбайнер адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі” Юрый Геронцьевіч Ардынскі, які ўбірае збажыну на камбайне “New Holland”. Сваю першую тысячу тон намалочанага зерня Юрый Геронцьевіч адправіў у дзяржаўныя засекі 28 ліпеня. А 3 жніўня камбайнер намалаціў 2 тысячы тон.

Сёння ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавалі з ААТ “Даватарскі” і паведамілі, што напярэдадні Юрый Геронцьевіч Ардынскі пераадолеў рубеж у 3.000 тон намалочанага зерня. Мы без прамаруджвання паехалі на поле, дзе працаваў перадавік. Юрый Геронцьевіч убіраў авёс на 54-гектарным полі паміж вёскамі Агальніцы і Грыблы. Побач знаходзіўся і намеснік дырэктара ААТ “Даватарскі” па сельскай гаспадарцы Мікалай Антонавіч Атопкін. Павіншаваць камбайнера прыехала вядучы спецыяліст па ідэалогіі Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Таццяна Антонаўна Сухавіла.

Выгрузіўшы чарговы бункер намалочанага зерня ў кузаў грузавой аўтамашыны, камбайнер спыніў сваю магутную тэхніку, каб у чарговы раз прыняць віншаванні.

— Паважаны Юрый Геронцьевіч, асабіста мне вельмі прыемна зноў выказаць вам словы падзякі за высокія працоўныя заслугі, — сказала Таццяна Антонаўна Сухавіла. — Вы з’яўляецеся лідарам жніва 2019 года не толькі ў Шаркаўшчынскім раёне, але і сярод камбайнераў Віцебскай вобласці ў сваёй узроставай катэгорыі. Зычу вам і надалей быць перадавым работнікам, дабівацца новых працоўных вяршынь. Няхай здароўе будзе трывалым, шчасце, радасць і любоў напаўняюць ваш дом, а родныя і блізкія людзі заўсёды будуць побач!

Таццяна Антонаўна ўручыла лідару жніва грамату за подпісам генеральнага дырэктара Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Алега Віктаравіча Скрабнеўскага і грашовую прэмію.

Затым Юрый Ардынскі прымацаваў на бункеры свайго камбайна трэцюю зорку з надпісам “1000”. З усмешкай на твары ён сказаў: “Цяпер мне і сапраўды ёсць чым ганарыцца!”

— Безумоўна, Юрый Геронцьевіч, вы гэта заслужылі па праву, — сказаў Мікалай Антонавіч Атопкін. — На такіх працаўніках як вы і трамаецца сельская гаспадарка не толькі ў раёне і вобласці, але нават у краіне.

Сяргей РАЙЧОНАК.IMG_0451 (Копировать)