Мара аб садах Дзіяны Юран

Сельское хозяйство

894 (Копировать)

Сёння існуе вялікі выбар прафесій. Можна стаць модным інтэрнэт-блогерам, заснаваць уласную фірму. Можна, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, упэўнена крочыць па службовай лесвіцы. Тым не менш, у век развіцця камп’ютарных тэхналогій, у пашане застаюцца людзі і такіх прафесій, як урач, настаўнік, будаўнік, работнік сельскай гаспадаркі і так далей.

Дзіяна Юран працуе аграномам дапаможнай гаспадаркі ААТ “Агратэхсэрвіс”. На гэтай пасадзе малады спецыяліст знаходзіцца з першага жніўня. Яе працоўны шлях толькі пачынаецца, але мы вырашылі пацікавіцца, чаму маладая дзяўчына вырашыла абраць работу ў сельскай гаспадарцы, бо не вельмі шмат юнакоў і дзяўчат пасля набыцця адукацыі выяўляюць жаданне звязаць сваё жыццё з працай у вёсцы.

— Дзіяна, чаму менавіта сельская гаспадарка, у прыватнасці, агранамія?

— Пасля заканчэння сярэдняй школы я вучылася ў Глыбоцкім дзяржпрофліцэі. Там мой сябар параіў разам паступіць у Лужаснянскі дзяржаўны каледж на спецыяльнасць “агранамія”. Непрыкметна праляцеў час вучобы і я трапіла на працу ў Глыбоцкі раён. Але ўсё ж не пакідала думка атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму вырашыла паступіць на дзённае аддзяленне Горацкай сельскагаспадарчай акадэмі, якую сёлета скончыла і атрымала размеркаванне ў Шаркаўшчынскі раён.

— Як сустрэлі вас у калектыве? Існавала боязь у самым пачатку?

— Ведаеце, у некаторых людзей існуе памылковае меркаванне, што праца у сельскай гаспадарцы малааплочваемая, цяжкая, тут існуе шмат праблем і пытанняў. Гэтым самым могуць з’явіцца сумненні аб выбранай прафесіі, аб выбранай рабоце. Але я лічу, што гэта зусім не так. У любой справе ёсць свае адмоўныя і станоўчыя моманты. Многае залежыць ад самога сябе, ад калектыву, з якім працуеш. Дарэчы, кіраўніцтва, адміністрацыя нашага сельгаспрадпрыемства ветліва сустрэлі мяне. Намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Міхаіл Барысавіч Кавалёнак выдзеліў мне асобны дом у аграгарадку Наваселле, дапамог з рамонтам жылля. Свой вопыт мне перадае галоўны аграном гаспадаркі Леанід Іванавіч Зубовіч. Тэрыторыя ААТ “Агратэхсэрвіс” вялікая, таму амаль кожны дзень трэба бываць на палетках, каб ведаць, дзе якія культуры растуць, дзе трэба што сеяць. Да таго ж яшчэ трэба ведаць і склад глебы на палях. Гэта вельмі важна для росту тых або іншых раслін.

— Раскажыце крыху пра сябе.

— Нарадзілася я ў Расонскім раёне. Тата і мама працавалі ў сельскай гаспадарцы. Затым пераехалі ў Шаркаўшчыну. Тут я скончыла сярэднюю школу № 1 гарпасёлка. Ёсць яшчэ малодшы брат, які таксама працуе ў Шаркаўшчынскім раёне.

— Не шкадуеце, што выбралі працу ў сельскай гаспадарцы? Плануеце тут застацца?

— Не, не шкадую. Праца мне мая падабаецца. Канечне, на перад не трэба загадваць. Могуць змяніцца розныя абставіны, але я аптымістка, з упэўненасцю гляджу ў будучыню.

— Кожны чалавек аб нечым марыць, ставіць перад сабой вызначаныя мэты, каб гэтыя мары сталі рэальнасцю, увасобіліся ў жыццё. У вас ёсць якая-небудзь асабістая мара?

— Канечне. Падчас вучобы ў Горках мне падабаліся заняткі па садоўніцтве. Вельмі хочацца працаваць у гэтым накірунку, садзіць пладовыя дрэвы, кустарнікі. Спадзяюся, што абавязкова мая мара збудзецца.

— Жадаем вам упэўнена крочыць да здзяйснення вашай мары! Дзякуй за размову!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.