Кніга. Які лёс чакае яе? Падключайцеся да нашага абмеркавання, дзяліцеся сваімі літаратурнымі густамі

Актуальное

Гартаючы старонкі гісторыі
Гісторыя кнігі цесна звязана з развіццём пісьменства. У старажытныя часы на зямлі не было кніг, бо людзі яшчэ не ўмелі іх вырабляць. А неабходнасць запісваць,перадаваць іншым пэўныя звесткі, вопыт, веды з’явілася ў людзей вельмі даўно.
Таму “старонкамі” старажытных кніг станавіліся камяні, сцены пячор, шчыты воінаў. Пісалі на ўсім.
З цягам часу старажытныя людзі дадумаліся пісаць на гліняных таблічках, якія потым высушвалі і абпальвалі на агні. Але ж ці шмат можна было напісаць на такіх старонках? Ды і самі кнігі былі цяжкія і непрыгожыя.
Калі, напрыклад, нейкі вучоны збіраўся ў дарогу і браў з сабою 2-3 такія кнігі, яму была патрэбна для гэтага цэлая павозка. Таму людзі працягвалі шукаць матэрыял, з якога можна было б вырабляць кнігі.
І знайшлі… Адбылося гэта ў далёкай Афрыцы, дзе на берагах паўнаводных рэк у вялікай колькасці вырастаюць зараснікі папіруса. Аднойчы старажытныя егіпцяне высветлілі, што валокны гэтай расліны ператвараюцца ў сухія вузенькія стужачкі, якія выдатна ўсмоктваюць фарбу. Так і з’явіліся кнігі з папірусу.
Асобныя лісты папірусу склейвалі ў доўгую паласу — скрутак. На такіх скрутках, што дасягаюць даўжыні 100 метраў, запісвалі розныя тэксты. Пісаць на сухім сцябле папіруса было зручна, але праз некаторы час такія кнігі ламаліся і рассыпаліся.
Пазней кнігі выраблялі з тонкай казінай, авечай ці цялячай скуры. Першая з іх з’явілася ў горадзе Пергаме ў Малой Азіі, таму і называлі такую паперу пергамент.
Першая папера была выраблена ў Кітаі. З 13 стагоддзя яна стала асноўным матэрыялам у Еўропе.

Букросінг — рух “вандруючай” кнігі.
У сучасным свеце кнігу называюць вялікім вынаходніцтвам чалавецтва. Яна з’яўлялася, удасканальвалася на працягу значнага адрэзка гісторыі грамадства. Бесперапынны працэс удасканальвання працягваецца і сёння.
Адной з цікавых знаходак апошніх гадоў стаў “букросінг” — папулярны ва ўсім свеце рух “вандруючай кнігі”, які ўзнік у ЗША ў 2001 годзе. Сэнс яго просты і зразумелы – прачытаўшы кнігу, вы не пакідаеце яе пыліцца дома на паліцы, а “адпускаеце” — аддаяце новаму чытачу. Пакінуць букросінгавую кнігу можна ў любым месцы — будзь то аўтобусны прыпынак ці лаўка ў парку. У Еўропе любімымі месцамі “вызвалення” прачытаных кніг сталі столікі кафэ і лаўкі ў парках, аэрапорты і вакзалы і нават прадуктовыя кірмашы. Беларусы ж, у большасці сваёй, пакідаюць кнігі на так званых “бяспечных паліцах” у бібліятэках, дзе яны абаронены ад непагадзі, а кожны жадаючы можа пагартаць літаратуру, выбраць кнігу, якая спадабалася, і пакінуць сваю ўзамен.
Букросеры рэгіструюцца на спецыяльным сайце, атрымліваюць парадкавы нумар для кнігі, якую яны збіраюцца аддаць, і распячатваюць лагатып букросінга. На сайце таксама можна даведацца пра “лёс” знойдзенага экземпляра.
Лагатып букросераў — кніжка з ножкамі — прыклейваецца на ўнутраны бок вокладкі разам з парадкавым нумарам і невялікім пісьмом. Па нумары кнігі чытач можа даведацца пра гісторыю і шлях папяровай вандроўніцы. У пісьме змяшчаецца інфармацыя, што кніга не  згублена і што яна перадаецца ў рукі новаму гаспадару.
Модны накірунак паступова пачынае распаўсюджвацца і ў нашым раёне.
У Шаркаўшчынскай раённай бібліятэцы і бібліятэцы аграгарадка Наваселле ўжо створаны “бяспечныя паліцы” для прыхільнікаў букросінга. Дастаткова туды прыйсці і выбраць кнігу, якая спадабалася. Толькі не забывайце пакідаць сваю ўзамен (а такія выпадкі, як высветлілася, даволі распаўсюджаная з’ява ў бібліятэках). Не прыпыняйце рух “вандруючых” кніг. Няхай добрыя творы, якія заслугоўваюць таго, каб быць прачытанымі, знаходзяць усё новых і новых чытачоў.
Дарэчы, на “бяспечных” паліцах прыхільнікаў букросінга ў нашым раёне найбольшай папулярнасцю карыстаюцца творы беларускіх аўтараў і літаратура па прыгатаванню страў нацыянальнай кухні.

Некалькі жыхароў гарадскога пасёлка падзяліліся з намі сваімі літаратурнымі густамі.
Віктар Фёдаравіч Крук — выкладчык мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай школы мастацтваў:
— Неаднойчы пераканаўся ў тым, што добрую кнігу нішто не заменіць. Менавіта ў ёй змяшчаецца мудрасць многіх пакаленняў. Як і прырода, кніга дапамагае вывучаць навакольны свет, зразумець сэнс жыцця, развівае фантазію, і менавіта з дапамогай кніг чалавек атрымаў магчымасць зазірнуць у мінулае, вывучаць гісторыю свайго краю і ўсяго сусвету. У вольны час з задавальненнем чытаю мастацкую літаратуру, вельмі захапляюся творамі гістарычнай тэматыкі. Зараз з задавальненнем перачытваю “Слова аб палку Ігаравым” у перакладзе Янкі Купалы.Сучасная літаратура, прадстаўленая ў вялікай колькасці, вельмі розная. Сярод мноства аўтараў даволі няпроста выбраць тых, хто сапраўды заслугоўвае ўвагі. Ну а класіка застанецца актуальнай ва ўсе часы.
Наталля Аляксандраўна Рудак — фельчар хуткай медыцынскай дапамогі:
— Чытаць добрыя кнігі чалавеку патрэбна ў любым узросце. Бо менавіта кнігі вучаць нас выказваць свае думкі, думаць, аналізаваць і развівацца. А з распаўсюджваннем інтэрнэта знайсці, скачаць і прачытаць любую кнігу стала зусім проста. На шматлікіх сайтах электронна-бібліятэчных сістэм вы з лёгкасцю знойдзеце тую кнігу, якая патрэбна. Лічу, што гэта вельмі зручна, а таксама выгадна ў матэрыяльным плане. Бо ў звычайнай бібліятэцы колькасць кніг абмежавана і не заўсёды адшукаецца тая, што вам патрэбна. Хоць, безумоўна, друкаваны варыянт мае свае перавагі. А мой любімы твор — знакаміты раман нямецкага пісьменніка Э. М. Рэмарка “Трыумфальная арка”.
Ала Алегаўна Лук’янёнак — санітарка Александроўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.
—    Чытаць люблю з самага дзяцінства. Падабаюцца кнігі розных жанраў, асабліва гістарычныя раманы і сучасныя дэтэктывы. Кнігі набываю ў асноўным  у бібліятэцы. З нядаўняга часу паспрабавала чытаць літаратуру ў электронным варыянце. Але згадзіцеся, усё ж такі намнога больш прыемна і зручна чытаць звычайную кнігу.

А ці любіце чытаць вы? Якія кнігі вам падабаюцца і ці лічыце вы, што кожнаму чалавеку абавязкова патрэбна чытаць кнігі? Чакаем вашых адказаў. Пакідайце, таксама, у сваіх каментарыях адрасы цікавых і карысных сайтаў, дзе размешчаны электронны варыянт кніг, якія варта прачытаць кожнаму. А магчыма, не на адным з сайтаў вы не можаце адшукаць цікавую для вас кнігу і вам патрэбна дапамога? Калі ласка, выказвайце свае думкі і прапановы.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *