ЦВК: прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў ва ўчастковых камісіях больш за 55 працэнтаў

Актуальное

000019_1568289781_81195_big У Беларусі завершана фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў у іх 55,1 працэнта. Такая інфармацыя размешчана на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА. У Беларусі сфарміравана 5785 участковых камісій, у іх будуць задзейнічаны больш за 63,6 тыс. чалавек. З іх крыху больш за 35 тыс. вылучаліся ад грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку ад партый амаль 3,8 тыс. чалавек (5,9 працэнта). Найбольш шырока сярод грамадскіх арганізацый ва ўчастковых выбаркамах будуць прадстаўлены прафесійныя саюзы — амаль 9 тыс. (14,1 працэнта ад агульнай колькасці ўсіх членаў камісій). У лідарах таксама Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» і Беларускі саюз жанчын — больш за 4,5 тыс. (7,1 працэнта) і прыкладна 4,4 тыс. чалавек (6,9 працэнта) адпаведна. Што датычыцца партый, то больш за ўсё ў складзе ўчастковых камісій членаў РППС (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) — амаль 1,1 тыс. чалавек (1,72 працэнта ад агульнай колькасці). Далей ідуць КПБ і Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя. Камуністаў ва ўчастковых выбаркамах будуць прадстаўляць 882 чалавекі (1,39 працэнта), сацыяльна-спартыўную партыю — 634 (1 працэнт). Акрамя таго, у склад участковых камісій уключаны тыя, хто вылучаўся ад грамадзян шляхам падачы заяў, такіх прыблізна 21,6 тыс. чалавек (33,9 працэнта ад агульнай колькасці) і прадстаўнікі працоўных калектываў — амаль 7 тыс. (11 працэнтаў). Паводле статыстыкі ЦВК, працаваць ва ўчастковых камісіях будуць у асноўным жанчыны, іх 72,4 працэнта. Маладых людзей да 30 гадоў будзе 7,4 працэнта, дзяржаўных служачых — 3,5 працэнта. Выбары ў Палату прадстаўнікоў у Беларусі назначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі — на 7 лістапада.
Чытаць цалкам: https://blr.belta.by/politics/view/tsvk-pradstaunikou-gramadskih-abjadnannjau-va-uchastkovyh-kamisijah-bolsh-za-55-pratsentau-81831-2019/