
Падыходзіць да свайго завяршэння чарговая ўборачная кампанія. Так званая бітва за ўраджай вядзецца на многіх участках. Адзін з іх сушыльныя комплексы гаспадарак, якія адказваюць за давядзенне вырашчанага ўраджаю да адпаведных кандыцый. Падчас уборачнай яны ні на хвіліну не спыняюць сваёй работы. Да позняй ноччы пад’язджаюць да іх разгружацца машыны з зернем. У мэтах кантролю і падтрымання дысцыпліны на аб’ектах рэгулярна праводзяцца рэйды. У склад рэйдавых груп уваходзяць прадстаўнікі РАУС, райвыканкама, спецыялісты упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Прапануем вашай увазе справаздачу пра адзін з такіх рэйдаў, які адбыўся 20 жніўня.
На сушыльным комплексе ААТ «Агратэхсэрвіс» у аддзяленні Наваселле дзённы рух сцішыўся, тут апрацоўваўся ўраджай, сабраны на палетках ААТ «Даватарскі». На сушыльным комплексе ААТ «Агратэхсэрвіс» ў г.п. Шаркаўшчына па вуліцы Рабочая нас сустрэў аператар Леанід Сухоўскі, у якога была наперадзе цэлая ноч дзяжурства. Наступны прыпынак сушыльны комплекс ААТ «Даватарскі» ў Лонску. Тут ў памяшканні каля важніцы сустракаем Сяргея Гінько і Аляксандра Гнацюка. Падвозка зерня на сёння заканчваецца, і Сяргей займаецца падлікамі. Аграном-насеннявод Аляксандр Гнацюк, які штодзённа знаходзіцца на аб’екце, чакае, пакуль яго заменіць адказны ад гаспадаркі на ноч.

— Гэта ўборачная, — расказвае пра работу комплексу Аляксандр. — Заўсёды здараюцца паломкі, без гэтага нельга, стараемся іх як мага хутчэй ліквідаваць. З дысцыплінай праблем не ўзнікае, працуем на газавым аб’екце, усе разумеюць адказнасць. Ды і правяраюць нас часта, ніхто не жадае рызыкаваць.
На сушыльным комплексе КЗСВ-30 аддзялення «Рассвет» КУВСП імя Маркава знаходзіліся старшы аператар Дзмітрый Федаровіч і дзяжурны Сяргей Талапіла.
— Як ураджай сёлета, — пытаемся ў іх.
— Добры ўраджай, — адказваюць яны. — Ва ўсялякім разе, большы чым у мінулым годзе. Цяпер заканчваем з ячмянём, на чарзе — яравая пшаніца.
Участковы інспектар Іван Драбовіч робіць у спецыяльным журналі запіс аб праверцы, і мы развітваемся з гэтымі работнікамі, якія сваёй працай, бяссоннымі начамі дзяжурстваў уносяць уклад у агульную справу — атрыманне якаснага высокага ўраджаю.
Андрэй БУРЭЦ
