29 лістапада адбылася заключная канферэнцыя праекта «Прасоўванне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай садзейнічання ўстойліваму развіццю сельскіх рэгіёнаў»

Актуальное Молодежь

IMG_5389 (Копировать)

На тэрыторыі нашага раёна з 30 кастрычніка мінулага года і да 30 кастрычніка 2019-га рэалізоўваўся сацыяльна-адукацыйны праект “Прасоўванне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай садзейнічання ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў”, куды былі ўключаны аддзелы па адукацыі Шаркаўшчынскага, Міёрскага і Пастаўскага райвыканкамаў. Партнёрамі праекта таксама сталі упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама, Станіславоўскі сельвыканкам, ААТ “Даватарскі”, Полаўскае лясніцтва Пастаўскага лясгасу.

Праект атрымаў адабрэнне Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асноўнай яго мэтай з’яўляецца прасоўванне маладзёжнага прадпрымальніцтва, як фактара ўстойлівага эканамічнага развіцця, на прыкладзе стварэння школьнага бізнес-інкубатара па вырошчванні буякоў вузкалістых.

29 лістапада ў вялікай зале райвыканкама адбылася заключная канферэнцыя па выніках праектнай дзейнасці, на якой прысутнічалі партнёры праекта, прадстаўнікі райвыканкамаў, прадстаўнікі праграмы малых грантаў Амбасады ЗША і Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі.

— У мінулым годзе сацыяльна-інфармацыйнай установай “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёну” была пададзена заяўка ў праграму малых грантаў Амбасады ЗША, — расказала каардынатар праекта Наталля Арэшкава. — Мы перамаглі і атрымалі Грант на суму 19850 долараў ЗША. З сакавіка па кастрычнік 2019 года праект паспяхова рэалізоўваўся. У Станіславоўскай базавай школе, якая была выбрана для праекта, дзякуючы фінансавай падтрымцы і працалюбіваму калектыву настаўнікаў і вучняў, на дзесяці сотках заклалі гадавальнік у адкрытым грунце і на 24 квадратных метрах у цяпліцы. Закуплена абсталяванне, расходныя матэрыялы і інвентар для работы ў гадавальніку, у тым ліку і міні-трактар. Высаджана 600 саджанцаў буякоў у адкрыты грунт, 2000 сеянцаў высаджана ў цяпліцы.

Бізнес-інкубатар у глыбінцы быў створаны для таго, каб прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі, мясцовыя жыхары змаглі пераняць вопыт, рэалізаваць свае ідэі. У межах праекта прайшлі пазнавальныя трэнінгі, удзел у якіх прынялі настаўнікі і вучні з 11 школ нашага, Міёрскага і Пастаўскага раёнаў. Таксама ўдзельнікі праекта наведалі Брагінскі раён, дзе змаглі ўласна ўбачыць, як вырошчваюць ягады, займаюцца арганічным земляробствам.

У межах праекта летам шаркаўчане сталі ініцыятарамі конкурсу бізнес-ідэй “Ад А да Я” — злёт школьных каманд, якія прадставілі найбольш цікавыя работы. Прызёры атрымалі ў падарунак ноўтбук і планшэты.

— Кожная з прадстаўленых ідэй — унікальная, — працягвае Наталля. — Напрыклад, вучні СШ № 2 гарпасёлка арганізавалі экалагічнае аб’яднанне па інтарэсах “ЭСОсумка”. Яны жадаюць займацца вырабам экасумак, экапакетаў для паўсядзённых тавараў.

У барацьбе за першае месца ініцыятыўныя дзеці ўступілі толькі камандзе Германавіцкай ДС—СШ “ГерКомЭкспо”, якую зацікавілі пытанні атрымання кампоста з арганічных адходаў.

Усе запланаваныя работы на працягу гэтага часу на падрыхтаваных участках Станіславоўскай БШ праводзіліся вучнямі пад кіраўніцтвам працоўнай групы настаўнікаў Тамары Сяргееўны Якімовіч (тэхнічны менеджэр праекта), Жанны Сяргееўны Якімовіч і Аляксандра Валяр’янавіча Лаўрыновіча.

Такім чынам, у праекце вырашаліся сацыяльныя і эканамічныя праблемы сельскіх тэрыторый. Праект будзе мець эканамічнае абгрунтаванне (прыбытак будзе адчувацца праз тры гады).

Падчас правядзення канферэнцыі, удзельнікаў якой вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, падзяліліся сваім вопытам, далі карысныя парады па вырошчванні буякоў вузкалістых супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі сталічных ВНУ, спецыялісты Цэнтральнага батанічнага саду.

Многія навучальныя ўстановы нашага раёна распрацоўваюць уласныя праекты, удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, атрымліваюць грашовыя гранты. Гэтай інфармацыяй з прысутнымі падзяліліся дырэктар Лужкаўскай СШ Ларыса Гараніна, настаўніца біялогіі Германавіцкай ДС—СШ Марына Фёдарава, настаўніца біялогіі СШ № 2 Аксана Пачэпка і настаўніца замежнай мовы СШ № 1 Ядзвіга Балай. Пра сваё бачанне ў абмене вопытам, які дае новыя магчымасці для росту і развіцця ўстаноў адукацыі, расказаў настаўнік біялогіі СШ № 3 г. Міёры Уладзіслаў Кашкур.

— Творчых ідэй у настаўнікаў і вучняў многа, — упэўнена Наталля. — Гэта вельмі цудоўна, калі дзеці акрамя вывучэння школьных прадметаў свабодны час праводзяць з карысцю, вучацца калегіяльна прымаць канструктыўныя рашэнні, увасабляць крэатыўныя задумкі ў рэальнасць.

Каардынатар праекта ўручыла падзякі сацыяльна-інфармацыйнай установы “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна” за актыўны ўдзел у якасці партнёраў у мерапрыемствах праекта ўсім, хто актыўна працаваў у яго рэалізацыі. Яна ж выказала надзею, што сумесная работа на гэтым не спыніцца, бо наперадзе яшчэ шмат задумак, для рэалізацыі якіх патрэбны не толькі фінансавыя сродкі, але тэарэтычная і практычная дапамога.

На выніковай канферэнцыі акрамя экспертаў праекта прысутнічала і прадстаўнік праграмы Амбасады ЗША Галіна Паўлоўская. Спецыялісты высока ацанілі праведзеную работу і далі пэўныя рэкамендацыі тым, хто толькі плануе ўвасобіць у жыццё свае бізнес-ідэі.

Сяргей РАЙЧОНАК.
IMG_5391 (Копировать) IMG_5393 (Копировать) IMG_5396 (Копировать) IMG_5397 (Копировать) IMG_5398 (Копировать) IMG_5404 (Копировать) IMG_5407 (Копировать) IMG_5408 (Копировать) IMG_5409 (Копировать) IMG_5410 (Копировать) IMG_5416 (Копировать) IMG_5423 (Копировать) IMG_5425 (Копировать) IMG_5427 (Копировать) IMG_5430 (Копировать) IMG_5433 (Копировать) IMG_5436 (Копировать) IMG_5437 (Копировать) IMG_5438 (Копировать) IMG_5439 (Копировать) IMG_5440 (Копировать) IMG_5442 (Копировать) IMG_5446 (Копировать) IMG_5451 (Копировать) IMG_5455 (Копировать) IMG_5384 (Копировать) IMG_5385 (Копировать) IMG_5386 (Копировать)