У канцы лістапада ў вялікай зале райвыканкама прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Шаркаўшчынскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Удзел у рабоце канферэнцыі прынялі намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Маргарыта Міхайлаўна Іванчанка і старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін.
На парадку дня былі разгледжаны справаздачы старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, старшыні рэвізійнай камісіі, старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый.
Са справаздачай аб рабоце Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК выступіла яе старшыня Таццяна Мікалаеўна Альшэўская.
На сённяшні дзень у склад раённай прафсаюзнай арганізацыі ўваходзіць 16 пярвічак, якія налічваюць у сваіх радах 2301 чалавека. Кіраўніцтва арганізацыяй ажыццяўляе раённы камітэт з 16 чалавек. Райкам прафсаюза планіруе сваю работу па паўгоддзях. У адпаведнасці са статутнымі патрабаваннямі за справаздачны перыяд праведзена 14 пленумаў, 32 пасяджэнні прэзідыума, на якіх разглядаліся пытанні арганізацыйнага і фінансавага ўмацавання, захавання працоўнага заканадаўства, узроўню аплаты працы і іншыя.
За справаздачны перыяд створаны 4 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ў ПУП “Окситорг”, філіял “Свінакомплекс “Гарадзец” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”, ПГУП “Линларпрод” і ПГУП “Камплект-М”. Па прычыне рэарганізацыі ліквідаваны пярвічкі ААТ “Васюкі” і “Юдыцына”.
З лепшага боку можна адзначыць работу прафкамаў ААТ “Ельня-Агра”, “Даватарскі”, “Княж”, райветстанцыі і іншых. Аналіз справаздач паказвае, што нягледзячы на эканамічныя і сацыяльныя цяжкасці большасць прафкамаў змаглі стаць для сваіх работнікаў апорай ў абароне іх інтарэсаў.
Складаным пытаннем у рабоце раённай прафсаюзнай арганізацыі з’яўляецца пералічэнне прафсаюзнах узносаў. Запазычанасць па іх на 1 лістапада складае 76 тысяч рублёў. Гэта, безумоўна, негатыўна адбіваецца на рабоце прафсаюзных арганізацый у плане аказання дапамогі членам прафсаюза, арганізацыі культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. З сельгасарганізацый рэгулярна і без затрымак прафсаюзныя ўзносы пералічваюць толькі ААТ “Ельня-Агра” і “Княж”.
Вялікая ўвага ўдзяляецца галіне жывёлагадоўлі. Кожны год праходзіць акцыя “Наш жывёлавод”. Сёлета рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў АПК былі адзначаны жывёлаводы ААТ “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс”. Райкамам прафсаюза ў 2018-2019 гадах у межах акцыі зрасходавана 550 рублёў. Добрай традыцыяй у раёне стала ўзнагароджванне камбайнераў і вадзіцеляў падчас жніва. Сёлета на гэтыя мэты зрасходавана 320 рублёў. Не застаюцца па-за ўвагай і ветэраны прафсаюзнага руху раёна. У межах рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Дзякуй за працу!”, прымеркаванай да 115-годдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі, памятныя падарункі атрымалі былыя профлідары Таіса Ладзіс, Зінаіда Касарэўская, Гедзіён Буйка і іншыя.
У другой частцы пасяджэння на галасаванне былі пастаўлены пытанні з прапановамі аб выбранні старшыні, яго намесніка, іншых органаў райкама прафсаюза работнікаў АПК. Аднагалосна старшынёй арганізацыі выбралі Таццяну Мікалаеўну Альшэўскую. З выбраннем на пасаду старшыні Таццяну Мікалаеўну павіншавалі намеснік старшыні Віцебскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК Маргарыта Міхайлаўна Іванчанка і старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін, пасля чаго яна ўрачыста дала прысягу прафсаюзнага лідара.










