Пачалася восень. З 1-га верасня ў школах краіны распачаліся заняткі. Сотні-тысячы дзяцей штодня рухаюцца па вуліцах населеных пунктаў. Пра тое, як зрабіць бяспечным знаходжанне вучняў на вуліцах райцэнтра і вёсак расказвае начальнік аддзялення ДАІ РАУС Андрэй ПРОТАС.
— З 27 жніўня па 10 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага: дзеці!”. Асноўная мэта акцыі, у якой задзейнічаны супрацоўнікі аддзялення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС, — папярэджанне траўматызму і смяротнасці дзяцей у выніку дарожна-транспартных здарэнняў.
Чаму на дарогах краіны гінуць дзеці? Магчыма таму, што цяперашнім дарослым у дзяцінстве не растлумачылі важнасць прытрымлівання правіл дарожнага руху. Да таго ж дарога — гэта вельмі небяспечнае месца. Канечне, прычыны ДТЗ у кожным выпадку розныя. Але, калі на праезнай частцы гіне або атрымлівае траўмы дзіця — гэта сапраўдная трагедыя. Хочацца спадзявацца, што, прачытаўшы дадзены матэрыял, шаркаўчане задумаюцца пра ўласныя паводзіны на вуліцы.
А цяпер нагадаем пра асноўныя прычыны траўм дзяцей на дарогах.
Малыя пасажыры церпяць падчас ДТЗ, калі яны знаходзяцца ў аўтамабілі. У такіх выпадках віна поўнасцю кладзецца на плечы кіроўцаў, якія рызыкуюць жыццём і здароўем пасажыраў. На жаль, пра гэта задумваюцца не ўсе вадзіцелі.
Церпяць дзеці з-за ўласнай абыякавасці, няўважлівасці, а таксама з-за парушэнняў правіл дарожнага руху. Менавіта гэту прычыну ДТЗ з удзелам дзяцей трэба ўстараняць з дапамогай практычных і тэарытычных заняткаў па правілах дарожнага руху ў школе і сям’і. Да гэтай справы далучаецца Дзяржаўтаінспекцыя, дзіцячыя і грамадскія арганізацыі. Але галоўную ролю ў справе навучання ПДР павінна адыгрываць сям’я. Менавіта тата і мама могуць лепш за іншых навучыць дзіця правілам бяспечных паводзінаў на вуліцы: пры перасячэнні дарогі, пры паездках у транспарце, падчас знаходжання каля праезнай часткі. Станоўчы прыклад бацькоў, якія самі кіруюцца патрабаваннямі правіл — гэта найлепшы сродак навучыць дзяцей. І так трэба рабіць з малых гадоў, каб да школьнага ўзросту сфарміраваць правільныя погляды на ўласныя паводзіны на дарозе. У школе настаўнікі павінны таксама дэманстраваць станоўчыя прыклады. Вельмі важна, каб педагогі цесна супрацоўнічалі з Дзяржаўтаінспекцыяй.
На жаль, маюць месца выпадкі, калі бацькі дэманструюць дзецям адмоўныя прыклады. Асабліва гэта адносіцца да тых дарослых, хто злоўжывае спіртным. І як можна адпраўляць дзіця аднаго на вуліцу, калі ў яго перад вачамі стаіць прыклад нецвярозага бацькі, які пастаянна парушае правілы? Ці можна спакойна спаць і быць упэўненым, што юны пешаход не трапіць пад колы аўтамабіля?
І яшчэ адна прычына аварый з удзелам дзяцей — няўважлівасць кіроўцаў. Асабліва гэта тычыцца тых, што перавышаюць дазволеную хуткасць, садзяцца за руль у нецвярозым стане. Ці можа цяжкасць пакарання ў такіх выпадках кампенсаваць боль бацькоў і блізкіх дзіцяці, што трапіла пад колы аўто? Канечне, не. Вадзіцель, рухаючыся на аўтамабілі, калі паблізу знаходзяцца дзеці, павінен быць вельмі ўважлівым, каб не дапусціць бяды. Памятайце, паважаныя кіроўцы, што перад вамі знаходзяцца маленькія пешаходы — найбольш безабаронныя ўдзельнікі дарожнага руху, якія не заўсёды ведаюць правілы, ды і ў складанай сітуацыі могуць разгубіцца.
Паважаныя дарослыя, мы ў адказе за дзяцей. Давайце разам рабіць усё магчымае, каб на дарогах была бяспечная сітуацыя і каб новы навучальны год падарыў усім толькі станоўчыя эмоцыі.
Аляксандр БАРЫЛА.
АД РЭДАКЦЫІ: у апошні дзень лета — 31 жніўня — Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Увага: дзеці ідуць у школу!”. Супрацоўнікі ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС у гэты дзень асноўную ўвагу ўдзялялі маленькім пешаходам — праводзілі інструктаж па правілах дарожнага руху.

Как всегда — оперативно!!!